МЗС Беларусі адказаў на працяг санкцый ЗША супраць Лукашэнкі

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі шкадуюць, што ў палітыцы новай адміністрацыі ЗША «захоўваюцца састарэлыя і зусім неаб'ектыўныя стэрэатыпы ў дачыненні да Беларусі».

rts10n20_trump_27022017_tramp.jpg

Пра гэта БЕЛТА заявіла намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі — начальнік аддзела прэс-службы МЗС Беларусі Марыя Ваньшына, каментуючы чарговае падаўжэнне санкцый, уведзеных у дачыненні да ўладаў Беларусі Джорджам Бушам-малодшым у 2006 годзе ў сувязі з парушэннем беларускім рэжымам правоў чалавека і правядзеннем «выбараў», якія міжнародная супольнасьць прызнала недэмакратычнымі.
Прадстаўнік МЗС адзначыла, што дадзены крок амерыканскага боку паўтарае аналагічныя рашэнні ранейшых гадоў.
«Для нас абсалютна непрымальным з'яўляецца сцверджанне амерыканскага боку аб тым, што Беларусь, якая робіць усё магчымае для ўмацавання рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі, можа прадстаўляць для ЗША якую б там ні было пагрозу. Верагодна, патрабуецца больш часу для таго, каб пераадолець пэўную інэрцыю, якая ўсё яшчэ прысутнічае ў нашых адносінах», — заявіла Марыя Ваньшына.
«Мы нацэлены на працяг пачатага канструктыўнага дыялогу з ЗША і паслядоўна выступаем за ўзаемавыгаднае двухбаковае супрацоўніцтва, развіццё якога, мы ўпэўненыя, будзе спрыяць пазітыўным зменам у знешнепалітычных падыходах Вашынгтона», — дадала яна.
Паводле belaruspartisan.org