На БТ заявілі пра «спыненне чарговай тэрарыстычнай атакі» з боку Украіны

Інцыдэнт нібыта адбыўся 30 траўня каля 9-й гадзіны раніцы.

mapa_14.jpg

«Падраздзяленні радыёэлектроннай барацьбы засеклі аб'ект-парушальнік дзяржмяжы. Яму трэба прыкладна тры хвіліны, каб скінуць баявыя зарады ў размяшчэнне беларускіх войскаў». Так пачынаўся сюжэт, паказаны ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1». На дзяржаўным тэлебачанні заявілі пра «спыненне чарговай тэрарыстычнай атакі з боку пранацысцкага рэжыму».
У эфіры тэлеканала паведамілі, што інцыдэнт адбыўся 30 траўня каля 9-й гадзіны раніцы.
У сюжэце паказалі вайскоўца, мяркуючы па кантэксце — з падраздзялення радыёэлектроннай барацьбы, які цэліцца ў нейкі аб'ект. Аб'ект, паводле сцвярджэння тэлеканала, — «робат са смяротным грузам» (на відэа буйным планам паказваюць коптар, якіх-небудзь грузаў на ім не відаць).
«Робат губляе кіраванне, і смяротны груз падае ў бязлюднай мясцовасці, але не дэтануе. Хуткая і выразная праца нашых сілавікоў прадухіліла трагедыю — дрон быў узброены боепрыпасамі ад аўтаматычнага гранатамёта АГС-17», — кажа закадравы голас.
У гэты час камера паказвае аб'ект у траве — адзначым, што гэта сапраўды граната ад АГС-17.
У сюжэце сцвярджаецца, што гэта не адзінкавы выпадак, «але дзякуючы суладнай працы беларускіх сілавікоў дадзеныя правакацыі застаюцца па-за кадрам».
Раней дзяржсакратар Савета Бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што ўкраінскія дыверсійна-выведвальныя групы заходзяць на тэрыторыю Беларусі. Праз тыдзень першы намеснік старшыні Беларускага дзяржаўнага памежнага камітэта Ігар Буткевіч растлумачыў, што на мяжы фіксуюць «узброеныя групы людзей і адзіночак» без знакаў адрознення і форменнага абмундзіравання, якія здзяйсняюць «правакацыйныя дзеянні, звязаныя з псаваннем памежных знакаў або іх разбурэннем, пакіданнем правакацыйных улётак і абразлівых надпісаў і гэтак далей».
У МУС Украіны гэтыя заявы назвалі «небыліцамі».