Абраны старшыня БНФ
Намеснік старшыні БНФ Ігар Лялькоў узяў самаадвод. Дэлегаты вылучылі дадаткова былога марскога афіцэра з Магілёва Аляксандра Страха і мінскага прадпрымальніка, у мінулым супрацоўніка ЦК ЛКСМБ Васіля Астроўскага.
У бюлетэні для галасавання засталося 6 прозвішчаў: Ілля Дабратвор, Вольга Дамаскіна, Рыгор Кастусёў, Алесь Таўстыка, Аляксандар Страх, Васіль Астроўскі.
Кандыдаты павінны былі прапанаваць каманду сваіх намеснікаў, як мінімум дваіх. Не абышлося без канфузу: Ілля Дабратвор прапанаваў адным з намеснікаў Яраслава Берніковіча, якога даўно выключылі з партыі за парушэнне партыйнай дысцыпліны. Алесь Таўстыка — Уладзіміра Падгола, які таксама ўжо ня сябра партыі.
Многія людзі, якіх прапаноўвалі намеснікамі, першы раз пра гэта чулі, таму было шмат самаадводаў. Ілля Дабратвор сказаў, што гатовы быць намеснікам у любога кіраўніка, Вольга Дамаскіна ад такой прапановы адмовілася.
Рыгор Кастусёў у сваім выступе расклаў па пунктах падрыхтоўку да ўсіх выбараў ад мясцовых да прэзідэнцкіх, выклаў іншыя накірункі дзейнасьці.
Вольга Дамаскіна кажа, што вылучэнне 6 кандыдатаў на старшыню азначае, што ў партыі няма адзінства, няма аб‘ядноўчай асобы, таму яна гатовая змагацца за пасаду. Завяршыла свой выступ цытатай Маргарэт Тэтчэр: «Калі хочаце, каб вам нешта сказалі, клічце мужчыну, калі хочаце, каб нешта зрабілі — паклічце жанчыну».
Пачалося тайнае галасаванне.
Дапоўнена: як стала вядома, старшынём БНФ абраны Рыгор Кастусёў.
ХVIII справаздачна-выбарчы з'езд Партыі БНФ «Адраджэньне» праходзіць у Мінску ў Палацы мастацтваў. У з'ездзе бяруць удзел каля 170 дэлегатаў. На парадку дня — справаздача старшыні партыі БНФ «Адраджэньне» Аляксея Янукевіча, выбары новага партыйнага лідара, ягоных намеснікаў, Сойму партыі, вылучэнне кандыдата на прэзідэнты на наступныя выбары ды іншае.
svaboda.org