На ўсенародную варту ў Курапатах сабралася 20 чалавек

Абаронцы Курапатаў наклеілі на плот рэстарана "Поедем, поедим" паперы з надпісамі "Абудзіцеся, зачыніцеся", "Каму не баліць?" і прозвішчамі ўладальнікаў і супрацоўнікаў рэстарана. Вольга Мікалайчык напісала на асфальце "Зона мемарыялу генацыду".

kuropaty_0000_logo.jpg


Супрацоўнікі рэстарана выклікалі міліцыю. У Вольгі Мікалайчык узялі тлумачэнні. Пратакол не склалі. 10 дзён будзе доўжыцца праверка, ці нанесла жанчына матэрыяльную шкоду.
Усе разам выканалі некалькі песень, у тым ліку "Магутны Божа". Да абаронцаў далучыўся мастак і паэт Аляксей Марачкін, чытаў свае вершы (піша пад псеўданімам Алесь Мара).

kurapaty_0014_logo.jpg

Пасля пятай гадзіны вечара да рэстарана раптам стала з'яўляцца машына за машынай, у асноўным маладыя пары і сем'і з дзецьмі, хаця да гэтага цэлы дзень наведвальнікаў амаль не было. Мужчына на машыне з нумарам 5ІМт2348 ехаў на вялікай хуткасці проста на вялікі бел-чырвона-белы сцяг, што разгарнулі абаронцы, і ледзь не збіў некалькі чалавек. Ужо з'язджаючы, ён заявіў, што будзе наведваць рэстаран штодня.

kurapaty_0018_logo.jpg


kurapaty_0006_logo.jpg


Прыйшла Ніна Багінская. Яна прадэманстравала гематомы, атрыманыя 5 жніўня, калі яе адцягваў ад машыны ахоўнік рэстарана. Той прысутнічаў падчас расповеда і ўсё адмаўляў. Пазней той жа ахоўнік заламаў руку Дзянісу Урбановічу, які замінаў супрацоўніцы рэстарана змываць надпіс на асфальце.
Ніна Багінская не збіралася пісаць заяву ў міліцыю за атрыманыя пашкоджанні, але іншыя абаронцы яе ўгаварылі. Яна звярнулася да міліцыянтаў, што адпусцілі Вольгу Мікалайчык. Тыя запрасілі яе праехаць у Бараўлянскі РАУС, паабяцаўшы там аформіць усе дакументы.
Супрацоўнікі рэстарана садралі з плота налепленныя надпісы. Абаронцы паступова разыходзіліся. Каля 19.45 удзельнікі варты паведамілі, што міліцыя на дзьвюх машынах затрымала Таццяну Кім нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, хаця спадарыня Таццяна з'явілася ля брамы "Поедем, поедим", калі надпісы былі ўжо нанесенныя. Мажліва, яе затрымалі праз прынесены вялікі вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Ганна Шапуцька выказала думку, што Таццяну Андрэеўну Кім пераблыталі з Таццянай Яўгенаўнай Севярынец (старшыня віцебскай філіі БХД і маці палітыка Паўла Севярынца), якую і хацелі затрымаць.
Каля 21.15 Таццяну Кім выпусцілі з Бараўлянскага аддзела міліцыі, склаўшы пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
За кратамі застаюцца Максім Вінярскі (з 4 жніўня) і Павел Севярынец (з 6 жніўня). Яны адбываюць ужо па другім тэрміне па 10 сутак за абарону Курапатаў-2018. Вахта ля рэстарана «Поедем, поедим» тым часам не спыняецца, можна далучацца штодня з 12.00.


Фота Алены Ляшкевіч