Навошта Лукашэнка памяняў дзесяць старшыняў райвыканкамаў і двух кіраўнікоў прадпрыемстваў ВПК?

Чарговы «кадравы чацвер» у беларускага кіраўніка адзначыўся прызначэннем адразу 10 новых старшыняў райвыканкамаў ва ўсіх абласцях, акрамя Берасцейскай — усім ім нагадалі, што «абстаноўка няпростая» і «наперадзе голад, напэўна».

karbalevich_1.jpg

Акрамя таго, з'явіліся новыя дырэктары ў дзяржпрадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта — «Белспецзнештэхніка» (экспарцёр узбраенняў, спецыялізуецца на экспарце высокатэхналагічных вырабаў і навукаёмістых тэхналогій ваеннага прызначэння) і холдынгу «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання» (займаецца, у прыватнасці, распрацоўкай і ўкараненнем аўтаматызаваных сістэм кіравання войскамі і зброяй).

У першым выпадку ля стырна прадпрыемства Лукашэнка паставіў Генадзя Цімашэвіча, які амаль два дзясяткі гадоў працаваў у страхавых арганізацыях Беларусі. Другое ўзначаліў Мікалай Балігатаў, дырэктар завода «Агат», які вырабляе тэхніку спецпрызначэння і патрапіў у 2020 годзе пад санкцыі ЕС.

Ці варта бачыць у новых прызначэннях трывожны званочак аб тым, што Беларусь больш інтэнсіўна пераўзбройваецца, і размовы аб магчымым прамым удзеле ў расійскай агрэсіі — не пусты гук?

На думку палітолага Валерыя Карбалевіча, гэтыя падзеі ніяк не звязаныя паміж сабой:

— Калі б гаворка ішла аб падрыхтоўцы да ўступлення ў вайну, на мой погляд, гаворка ішла б аб прызначэннях камандавання сіл спецыяльнага прызначэння, перастаноўках ва Узброеных Сілах, — адзначыў палітолаг у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Калі ж гаворка ідзе пра ВПК — гэтыя прадпрыемствы працуюць і на знешні рынак, і ад вытворчасці зброі да яго прымянення досыць вялікая дыстанцыя. Таму звязваць гэтыя прызначэнні з хуткім уступленнем Беларусі ў вайну я б не стаў.

Да таго ж, дадае палітолаг, прадпрыемствы ВПК Беларусі знаходзяцца пад санкцыямі, незалежна ад прозвішча дырэктара.

Дастаткова шараговым, адзначае эксперт, выглядае і прызначэнне новых старшыняў райвыканкамаў з абавязковым спадарожным словам аб іх адказнасці за ўборачную кампанію і папаўненне запасаў стабфондаў.

— Старшыняў выканкамаў мяняюць рэгулярна, гэта не нешта надзвычайнае — пры кожных кадравых прызначэннях раз у некалькі месяцаў, як правіла, заўсёды прызначаюць і некалькіх старшыняў. У гэтым я таксама не бачу нейкага новага павароту або акцэнту.