Навумчык: Чаму тыя, хто вёў Лукашэнку да ўлады, нязьменна апынаюцца на чале апазыцыйнага працэсу?

Дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ склікання ад Апазіцыі БНФ Сяргей Навумчык у сваім тэлеграм-канале задае шэраг істотных пытанняў і спрабуе адказаць на іх.

kdb_4.jpg

Сяргей Навумчыкпіша: «Мне ўяўляюцца, мякка кажучы, няшчырымі тлумачэньні, што "ў 90-я я яшчэ не разабраўся/разабралася, хто такі Лукашэнка".
Па-мойму, у 1994-м кожнаму, здольнаму правесьці матэматычную апэрацыю ўзроўню “2+2=4”, было ясна, хто такі Лукашэнка. Проста былі і іншыя разьлікі.
У абсалютнай большасьці насельніцтва, якое ў 1994-м прагаласавала за Лукашэнку, вартасьць Беларусі як незалежнай дзяржавы раўнялася нулю — інакш ніколі б не аддалі галасы таму, хто заклікае зьнішчыць Незалежнасьць і аднавіць імпэрыю.
І гэта можна зразумець: нізкі ўзровень нацыянальнай і палітычнай сьвядомасьці быў вынікам стагодзьдзяў панаваньня пад імпэрыяй Расеі-СССР, тэрора і сыстэмы, пры якой людзі думалі толькі пра кавалак хлеба, каб выжыць.

Але вось палітыкі, чыноўнікі, журналісты і г. д. — яны ўжо мелі магчымасьць думаць.


Перакананы: у жніўні 1993-га, калі дэпутат Лукашэнка выступіў за аднаўленьне СССР, цалкам выявілася ягонае стаўленьне да Незалежнасьці (каму не было ясна — мог пачытаць артыкул Васіля Быкава ў “Народнай газеце” з накладам паўмільёны экзэмпляраў і заяву дэпутатаў Апазыцыі БНФ у ВС з патрабаваньнем пазбавіць Лукашэнку дэпутацкіх паўнамоцтваў, надрукаваную там жа).
Пасьля “белых плямаў” замест дакладу Антончыка аб карупцыі ў прэзыдэнцкай камандзе (сьнежань 1994-га) было ясна, чаго вартыя для Лукашэнкі прынцыпы дэмакратыі і свабоды слова.


Пасьля ж зьбіцьця дэпутатаў парлямэнту ў залі парлямэнту (12 красавіка 1995) зрабілася відавочным, чаго вартыя для Лукашэнкі Канстытуцыя і закон — няўжо нехта думаў, што калі можна беспакарана ў кроў зьбіць людзей, канстытуцыйна абароненых імунітэтам недатыкальнасьці, нельга тое самае зрабіць з кожным?
Так што ня трэба пра “мы служылі найперш Беларусі”. Тыя, хто ў якім 1940-м служылі ў сыстэме нацысцкай дзяржавы, пэўна, таксама лічылі, што “служылі найперш Германіі” — забываючыся дадаць адно важнае слова-ўдакладненьне, а менавіта — “служылі нацысцкай Германіі”.
Тое, што да людзей прыходзіць асэнсаваньне — добра, канечне. Але ня трэба пры гэтым хлусіць самім сабе.
P. S. Мне толькі незразумела: чаму ўвесь час, з 1996-га, тыя, хто ці вёў Лукашэнку да ўлады, ці служыў яму, ці падтрымліваў яго — нязьменна апынаюцца на чале апазыцыйнага працэсу, а тыя, хто не паддаўся кар’ерным амбіцыям, хто заставаўся верным Беларусі - апынаюцца на маргінэзе, ды яшчэ і абвінавачваюцца ў тым, што, аказваецца, “памыляліся” і “рабілі ня так”? Гэты фэномен, уласьцівы толькі беларускай палітыцы, майму розуму спасьцігнуць ня дадзена».