Навумчык: У прыходзе Лукашэнкі вінаваты БНФ? Абсурд?
Аналітыкі ці то забыліся, ці то не ведалі, што прэзідэнцкія выбары 1994 года выбары праходзілі ў атмасферы, калі значная частка насельніцтва настальгавала па СССР, а асноўная спрэчка паміж Кебічам і Лукашэнкам была – хто хутчэй увядзе расійскі рубель, прыгадвае палітык і журналіст Сяргей Навумчык на сваёй старонцы ў фэйсбуку
Хто вінаваты ў Халакосьце? Вы думалі – Гітлер, ягоныя паплечнікі, выканаўцы злачынных загадаў, адэпты нацысцкай ідэалогіі? Вы памыляецеся. Вінаватыя – яўрэі. Бо не разгледзелі яшчэ ў абітурыенце Венскай мастацкай акадэміі будучага фюрэра, а калі разгледзелі, не разгарнулі належную агітацыю супраць.
Ня сталі даводзіць нямецкаму грамадзтву, што Гітлер небясьпечны сваёй заганнай расавай тэорыяй і абвінавачваньнем яўрэяў у эканамічным крызісе, увогуле ва ўсіх бедах. Ну, амаль ва ўсіх – яшчэ былі вінаватыя тыя, хто паспрыяў стварэньню Вэймарскай рэспублікі зь яе дэмакратыяй.
Абсурд? Абсурд. Да таго ж, невядома, як бы тое спрацавала: заганная расавая тэорыя добра клалася на тагачаснае нямецкае грамадзтва, на настальгію па «вялікай Германіі» (часам здараюцца з народамі пэрыяды ачмурэньня) і зусім магчыма, што антыагітацыя толькі б дадавала нацыстам падтрымкі.
Такі ж самы абсурд чытаў я ўсе гэтыя дні ў незалежнай прэсе ад нашых аналітыкаў.
Аказваецца, у прыходзе Лукашэнкі вінаваты БНФ, бо ён у часе выбараў не агітаваў супраць яго. Аналітыкі ці то забыліся, ці то ня ведалі, што выбары праходзілі ў атмасфэры, калі значная частка насельніцтва настальгавала па СССР, а асноўная спрэчка паміж Кебічам і Лукашэнкам была – хто хутчэй увядзе расейскі рубель.
«Не галасуйце за Лукашэнку, ён увядзе расейскі рубель хутчэй!» – так трэба было, ці што? Дык гэта толькі надала б яму галасоў. А пра небясьпеку аб'яднаньня грашовых сыстэмаў і для сувэрэнітэту, і для эканомікі, і, урэшце, для дабрабыту людзей – Апазыцыя БНФ казала і на сэсіях ВС, і на сустрэчах з выбаршчыкамі, і ў прэсе – ды толькі гэтыя ісьціны ня вельмі ўспрымаліся значнай часткай электарату.
Значна лепш успрымаліся лозунгі – «Запушчу заводы! Вирну вклады! Пасажу усих!». І яшчэ – «Каждаму па халадильнику и цилявизару!» (гучала і такое абяцаньне).
Гэтымі днямі нідзе не ўбачыў (магчыма, ня ўсё чытаў) належнай ацэнкі дзеяньняў Ганчара, Булахава, Сініцына, іншых «маладых ваўкоў» – затое начытаўся пра віну БНФ, Пазьняка і Навумчыка (ясна, што мяне ўзгадваюць тут выключна дзякуючы маім інтэрвію і публікацыям пра 90-я, рэальная роля ў БНФ была куды больш сьціплай).
Абсалютная дэградацыя аналітычнай супольнасьці.
Вясной будучага года – 30 гадоў «рэфэрэндуму», які зьняважыў нацыянальны гонар і зламаў хрыбет нацыі. І ўжо сёньня можна сьмела прабачыць, каго аналітыкі назавуць галоўнымі вінаватымі: БНФ і асабліва тыя 19 дэпутатаў Апазыцыі, якія абвясьцілі галадоўку за мову, Герб, Сьцяг, супраць інтэграцыі з Расеяй і права прэзыдэнта распускаць парлямэнт, і былі за гэта зьбітыя ў Авальнай залі.
Між іншым, падобнае аднойчы сказаў экс-сьпікер ВС Грыб, аднак, пэўна, Мечыслаў Іванавіч зразумеў, што змарозіў бздуру і больш такога не паўтараў. Але ж яму не патрэбныя лайкі, шэры, статыстыка праглядаў.
Адзіная публікацыя, дзе слушна быў названы галоўны віноўнік (калі казаць пра палітычныя пэрсаналіі») – «Хто адчыніў Лукашэнку шлях да ўлады» ў «Салідарнасьці».
Віна ў палітычных катастрофах заўсёды ў таго, хто мае ўладу, а найбольшая віна – у таго, хто мае ўладу найбольшую. Гэта – аксыёма. БНФ ніколі ніякай улады ня меў, ні грама. А найбольшую ўладу меў Кебіч.
Закончу словамі, якімі я завяршыў сваю кнігу «Дзевяноста чацьверты»:
«... У дні прэзыдэнцкіх выбараў мая маці пераказала расповед пра наведваньне Кебічам сьвятых месцаў у Жыровіцах. Быццам бы паклаў Вячаслаў Францавіч да абраза Божай Маці ружу, і ружа імгненна счарнела».