«Не чакаючы вайсковага нападу». У Літве прапанавалі ЕС абмеркаваць санкцыі супраць Мінска і Масквы
Міністр замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў пра неабходнасць санкцый супраць уладаў Беларусі за тое, што яны спрыяюць агрэсіі супраць Украіны. Пра гэта паведамляе «DELFI».

Міністр замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс
«Беларусь дапускае выкарыстанне сваёй тэрыторыі для ваенных дзеянняў Расіі, гэтак жа мы павінны гаварыць пра санкцыі супраць беларускага рэжыму», — заявіў кіраўнік літоўскага МЗС.
Паводле яго, рашэнне пакінуць пасля вучэнняў на беларускай тэрыторыі расійскія войскі — «гэта вельмі марудная акупацыя тэрыторыі і дзяржавы Беларусь».
Агулам, на думку літоўскага міністра, Украіна ўжо падверглася нападу без уварвання расійскіх узброеных сіл, таму Еўрапейскі Саюз павінен пачаць абмяркоўваць санкцыі за гэта ў дачыненні да Масквы і Мінска, «не чакаючы вайсковага нападу».