«Нельга выгнаць з краіны большасць. Змяніць электаральную сітуацыю ў Беларусі Лукашэнка проста няздольны»
У рэчаіснасці, на фоне беспрэцэдэнтнага ўнутранага тэрору, мэтай усіх апошніх маніпуляцый Лукашэнкі з частковым закрыццём межаў з'яўляецца зусім не спроба штучна абмежаваць выезд з краіны, а наадварот — прастымуляваць эміграцыю. Такую думку выказваюць журналісты Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева ў сваім тэлеграм-канале «Беларускі Данбас».
У рэчаіснасці, на фоне беспрэцэдэнтнага ўнутранага тэрору, мэтай усіх апошніх маніпуляцый Лукашэнкі з частковым закрыццём межаў з'яўляецца зусім не спроба штучна абмежаваць выезд з краіны, а наадварот — прастымуляваць эміграцыю. То-бок тут куды бліжэй аналогія не з СССР, а з нацысцкай Германіяй у 1933-1939 гг. і яе палітыкай гвалтоўнага прымусу габрэяў да эміграцыі. Фактычна Лукашэнка марыць такім чынам дамагчыся палітычнай аднастайнасці насельніцтва.
Яшчэ ў жніўні тагачасны дзяржсакратар Рады бяспекі Андрэй Раўкоў разразіўся эмацыйнай заявай: чаму, маўляў, праціўнікі рэжыму не з'яжджаюць з краіны, «вызваліўшы тут кожны сваё працоўнае месца, месца вашых дзяцей у садку, паменшыўшы нагрузку на настаўнікаў у школе, конкурс у ВНУ і чаргу да лекара»?
Аднак найбольш выразна сфармуляваў гэтую пазіцыю Лукашэнка на нарадзе 27 кастрычніка:
«Нікога не прасіце і не ўгаворвайце, гэта бескарысна. У лепшым выпадку ў гэтай сітуацыі мы іх загонім пад плінтус. І яны потым зноў адтуль вылезуць. Таму хай вызначаюцца, дзе яны хочуць жыць, як яны хочуць жыць і што рабіць».
Гэта значыць, Лукашэнка ўжо не хоча паўмер накшталт прымусу незадаволеных да падпарадкавання («загонім пад плінтус»). Яму трэба кардынальнае рашэнне — «хай вызначаюцца, дзе яны хочуць жыць». Тады ж ён аддаў загад не прызнаваць у Беларусі заходнія дыпломы, а яшчэ праз два дні была праведзена паказальная спецаперацыя на мяжы, калі беларускіх грамадзян паўдня не пускалі на радзіму.
Учора Лукашэнка ўжо адкрыта прыгразіў, што медыкі, якія з'ехалі на заробкі, не змогуць вярнуцца ў Беларусь. А потым, нядоўга думаючы, прызнаўся, што наогул не збіраецца пускаць у краіну «разумных беларусаў»: «Я аддаў распараджэнне камандуючаму памежным войскамі не ўпускаць у краіну не толькі людзей з чужым пашпартам, але і тых разумных беларусаў, якія выехалі за межы нашай краіны ў гэты няпросты час. Заразу нам вазіць не трэба, і не важна, з якім пашпартам. Паехалі туды вучыцца — няхай вучацца, працаваць — няхай працуюць».
Апошнія словы асабліва паказальныя, улічваючы, што іншадумцаў цяпер масава звальняюць з працы і адлічваюць з універсітэтаў — гэта значыць, пазбаўляюць права на працу і адукацыю ў Беларусі. На фоне абяцанняў знайсці і пакараць кожнага ўдзельніка пратэстаў мэсэдж рэжыму выглядае цалкам адназначна: едзьце з Беларусі (пакуль у вас яшчэ ёсць такая магчымасць) і больш не вяртайцеся.
Вядома, пакуль што ўсе гэтыя меры на мяжы прэзентуюцца як часовыя і звязаныя з пандэміяй. Але прыклад Кандрусевіча, пазбаўленага беларускага пашпарта, паказвае, што спосабы гвалтоўнага выгнання іншадумцаў з краіны могуць быць рознымі.
На шчасце, падобная сацыяльная інжынерыя не мае ніякіх шанцаў на поспех, таму што нельга выгнаць з краіны большасць. Змяніць электаральную сітуацыю ў Беларусі Лукашэнка проста няздольны.