Палітолаг Бялкоўскі: Лёс Данбасу залежыць ад параду ў Маскве 9 траўня
Калі Пуціна «зняважаць» у Дзень Перамогі, вайна на ўсходзе Украіны адновіцца, упэўнены расbйскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі.
Палітолаг мяркуе, што Мінскія пагадненні аб спыненні агню не будуць працаваць, а на ўсходзе Украіны ў хуткім часе адновяцца баявыя дзеянні. Бялкоўскі таксама прагназуе, што развіццё сітуацыі на ўсходзе Украіны будзе залежаць ад міжнароднага прадстаўніцтва на Парадзе Перамогі ў Расеі 9 траўня, падае korrespondent.net.
«Вядома, вайна хутка адновіцца. Я ў гэтым не сумняваюся», — сказаў Бялкоўскі.
Ён падкрэсліў, што Мінскія пагадненні з’яўляюцца «фэйкам і блефам», паколькі ў гэтых пагадненнях не ўдзельнічае галоўны суб’ект — Расія.
«Усё будзе залежаць ад таго, наколькі Пуціна прынізілі і абразілі напярэдадні 9 траўня. Мяркуючы па ўсім, ніводзін кіраўнік дзяржавы-чальца кааліцыі дзяржаў-пераможцаў у Другой сусветнай вайне не прыедзе гэта святкаваць», — выказаўся палітолаг наконт магчымага сцэнару падзей на Данбасе.
Бялкоўскі перакананы, што паводзіны прэзідэнта Расіі — «рэактыўныя». «Вось яго пакрыўдзяць, і ён зноў пачне вайну. Таму што ўся гэтая вайна, якая адбываецца, з’яўляецца механізмам прымусу Захада да любові», —рэзюмаваў ён.
У Маскве 9 траўня пройдуць святочныя мерапрыемствы з нагоды 70-й гадавіны заканчэння вайны. Многія кіраўнікі заходніх дзяржаў ужо адмовіліся ад запрашэння наведаць Парад Перамогі.
Дзесяць гадоў таму, калі святкавалася 60-годдзе Дня Перамогі, цяперашні старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер, які з'яўляўся тады старшынёй Еўрасавета, і тагачасны кіраўнік Еўракамісіі Жазэ-Мануэль Барозу прыязджалі ў Маскву на ўрачыстасці.