Палітыка занялася імі

Перамовы прадпрымальнікаў з уладай прадказальна зайшлі ў тупік. Таму бізнесоўцы змушаны рабіць тое, ад чаго ўвесь час адхрышчваліся ўсімі рукамі і нагамі, — залезці ў палітыку «па самыя памідоры». Як кажуць: «Калі ты не займаешся палітыкай — палітыка зоймецца табой».


Алесь Макаеў, Анатоль Змітровіч і Міхаіл Латышаў

На сённяшнім пасяджэнні Камітэта выратавання прадпрымальніцтва, які быў створаны з ініцыятывы хрысціянскіх дэмакратаў, адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Анатоль Змітровіч заявіў, што працоўная група па вырашэнні праблем ІПшнікаў, створаная ў Міністэрстве эканомікі, не збіралася ўжо тры тыдні. «Прадпрымальнікі выйшлі на працу, і могуць адносна бяспечна працаваць да 1 ліпеня. Пасля 1-га ліпеня дамоваў з уладамі наконт праверак у прадпрымальнікаў няма, і ліпень — жнівень будуць вельмі «гарачымі» для прадпрымальнікаў. Працоўная група, створаная пры Міністэрстве эканомікі, за тры тыдні не правялі ніводнага пасяджэння. Моэна казаць, што ў гэтым кірунку перамовы з уладаю скончаныя. На Асамбелеі дзелавых колаў было агучана, што 87% прадпрымальнікаў кажуць аб адсутнасці дыялогу ўлады і бізнеса. Як толькі мы вывялі людзей на працу — аўтаматычна спыніліся перамоўныя працэсы па ўсіх накірунках. Але пытанні нікуды не падзеліся, і іх трэба вырашаць», — сказаў Змітровіч.

 

Таму Камітэта выратавання прадпрымальніцтва выпрацаваў стратэгію абароны ІПшнікаў, якая наўрад ці спадабаецца ўладам. Канчатковай мэтай гэтай стратэгіі з’яўляецца стварэнне моцнага прадпрымальніцкага прафсаюза «Салідарнасць». А прамежкавыя крокі прадпрымальнікаў дададуць шмат непрыемных хвілінаў для ўладаў.

 

Першы крок ужо быў абвешчаны — гэта збор 50.000 подпісаў пад зваротам у Палату прадстаўнікоў, Вярхоўны суд і Канстытуцыйны суд з патрабаваннем прызнаць указы №222 і № 48 не адпаведнымі Канстытуцыі краіны, спыніць пераслед індывідуальных прадпрымальнікаў па абвінавачванні ў несапраўднасці дакументаў, якія пацвярджаюць выраб тавараў, што набытыя і рэалізуецца ў межах адзінай эканамічнай прасторы Беларусі і Расіі, і падрыхтаваць уніфікаваны з міжнародным заканадаўствам нарматыўна-прававы акт аб умовах дзейнасці прадпрымальнікаў.

 

Збор подпісаў плануецца ажыццявіць як на рынках, сярод ІП, так і шляхам правядзення мітынгаў і масавых акцый. Гэтым разам прадпрымальнікі будуць спрабаваць атрымаць дазволы на вулічныя мерапрыемствы. Як зазначыў Алесь Макаеў, старт вулічным акцыям дадуць рэгіёны: Маладзечна, Жодзіна, Барысаў, Светлагорск і Баранавічы. Акцыі плануецца правесці па ўсёй краіне. На гэтых жа мітынгах людзей паспрабуюць запісаць у новы прафсаюз, а дзейсным прадпрымальнікам патлумачаць, як весці сябе пад час праверак.


Павал Севярынец заявіў пра поўную падтрымку ініцыятываў прадпрымальнікаў

 

Адначасна ІПшнікі накіруюць зварот да старшыні Цэнтарвыбаркама Лідзіі Ярмошынай. Яна, вядома, не з’яўляецца чыноўнікам, ад якога залежыць існаванне прадпрымальнікаў. Затое яна можа працаўладкаваць некаторых з ІПшнікаў, якія спынілі ці ўвогуле страцілі працу. «Мы будзем звяртацца да Ермошынай (і гэты зварот амаль гатовы) з тым, каб прадпрымальнікаў уключалі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Прадпрымальнікі застаюцца без працы. Навошта адцягваць ад працы настаўнікаў, урачоў, дзяржслужбоўцаў, калі ў краіне ёсць людзі, якія вольныя па часе, умеюць добра ўсё лічыць, камунікабельныя», — зазначыў Змітровіч.

 

Зараз ІПшнікі пачынаюць вылучэнне сваіх прадстаўнікоў ад прадпрымальніцкіх калектываў і рынкаў на Усебеларускі народны сход. «Ключавое слова — «ўсебеларускае». Калі нашых прадстаўнікоў не зробяць дэлегатамі сходу, гэта будзе азначаць, што гэта «ўвечынавенскі» сход, які не мае да ўсёй Беларусі ніякага дачынення», — заявіў Змітровіч.

 

Прамежкавы вынік стратэгіі дзеянняў прадпрымальнікаў — выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, якія адбудуцца восенню гэтага года. «Я ведаю, што шмат прадпрымальнікаў маюць намер удзельнічаць у гэтых выбарах. Мы, пэўна, падрыхтуем для іх адзіную праграму», — сказаў Змітровіч.

 

Па ягоных дадзеных, да траціны тых, хто ідзе па дэпутатцкі мандат ад палітычных партыяў — ІПшнікі. Апроч гэтага, як кажа Змітровіч, «у рэгіёнах прадпрымальнікі — адзіная сіла, якая здолее сабраць подпісы за вылучэнне кандыдатам». Проста абышоўшы на адным рынку «калегаў па цэху», можна набраць палову з неабходнай для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты тысячы подпісаў. Пра тое, што прадпрымальнікі будуць дамагацца стаць членамі выбарчых камісій, ужо казалася, тыя ж прадпрымальнікі, хто ў камісіі не патрапяць, здолеюць рэалізаваць сябе ў якасці назіральнікаў.



Анатоль Змітровіч спадзяецца стварыць дэпутатаў парламента, якія будуць падтрымліваць ІП

 

«Нам зараз не хапае дэпутатаў, якія падтрымліваюць бізнес. І я лічу, што прадпрымальнікі могуць увайсці ў камісію па бізнесу і эканоміцы, якая ёсць у Палаце прадстаўнікоў, для вырашэння прадпрымальніцкіх пытанняў», — кажа Змітровіч.

 

Зразумела, што ІПшнікі будуць вырашаць не толькі свае праблемы. Сярод магчымых накірункаў дзейнасці Змітровіч адзначыў, што «гэта і пенсійная рэформа, і праблемы ЖКГ, і экалагічныя праблемы, то бок, мы будзем выходзіць з блокам праблем, якія ёсць у Беларусі».

 

З заявы Змітровіча бачна, што прынамсі тыя, хто падтрымлівае Камітэт выратавання прадпрымальніцтва (у адрозненне ад палітыкаў, якія пойдуць на выбары за «папулярызацыяй сваіх ідэй і нарошчваннем колькасці прыхільнікаў пераменаў») маюць намер перамагаць на парламенцкіх выбарах.



Намеры ў прадпрымальнікаў на парламенцкіх выбарах сур'ёзныя

 

Такім чынам улады, заціснуўшы прадпрымальнікаў, стварылі сябе вялікія праблемы, і не толькі ў выглядзе ІПшных страйкаў, нясплаты падаткаў і гэтак далей. Праблемы стварыліся палітычныя. Тыя 50.000 подпісаў пад зваротам супраць указа №222, якія прадпрымальнікі маюць намер сабраць за два месяцы, — гэта ўжо неабходныя «па тысячы подпісаў» за вылучэнне як мінімум 50-ці кандыдатаў у дэпутаты. Зразумела, што кандыдаты-прадпрымальнікі маюць і дзейсную базу для агітацыі — на рынках, якія наведвае ці не ўсё насельніцтва краіны. Зразумела таксама, што прадпрымальнікі — гэта людзі, якія ўмеюць стасавацца з людзьмі і прадаваць тавар. У якасці тавару будуць выступаць самі кандыдаты-бізнесоўцы. А калі яны зоймуцца падлікам галасоў з назіраннем…

 

Калі б у краіне былі выбары, я думаю, што палова са складу новай Палаты прадстаўнікоў была б «ІПшніцкай». Але і без таго ў выбарчых камісій будзе складаная і амаль невыканальная задача па супрацьдзеянні актыўным, жорсткім, і бітым жыццём прадпрымальнікам.

 

Галоўнае, каб ІПшнікі самі не спужаліся сваёй жа ідэі заняцца палітыкай. Але, падаецца, зараз ім губляць няма чаго, — у іх усё ўжо адабрана. Калі гэтыя планы спраўдзяцца, — нас можа чакаць цікавая парламенцкая кампанія.

 

А ўжо ці дойдуць «індывідуалы» да канчатковай мэты — стварэння буйнога і моцнага прадпрымальніцкага прафсаюза, — гэта мы пасля выбараў пабачым.