Паляванне на людзей. Як Лукашэнка арганізаваў міграцыйны крызіс

Міжнародная група журналістаў даведалася падрабязнасці таго, хто і як арганізоўваў дастаўку мігрантаў з Блізкага Усходу ў Беларусь і Еўропу.

Краіны Балтыі і Польшча чакаюць новага наплыву мігрантаў.Ілюстрацыйнае фота: «DELFI»

Краіны Балтыі і Польшча чакаюць новага наплыву мігрантаў.Ілюстрацыйнае фота: «DELFI»


Напярэдадні Віленскага саміту NATO прагучалі здагадкі наконт таго, што Аляксандр Лукашэнка можа «адзначыць» гэтую падзею чарговай хваляй нелегальных мігрантаў на межах краін ЕС.

У Літве недыпламатычна заяўляюць, што Латвія — самае слабое звяно. Адтуль спрабуюць прабрацца далей у Еўропу мігранты, якія прыбылі ў выніку арганізаванай рэжымам Лукашэнкі аперацыі, што ў краінах Балтыі і Польшчы называюць «гібрыднай вайной». Часцей за ўсё іх шлях ляжыць у Германію, піша rebaltica.lv.

Міжнародная група журналістаў-расследавальнікаў падрыхтавала пра гэта артыкул «Safari ar Lukašenko. 500-1500 $ par migrantu». Над ім працавалі журналісты з «Беларускага расследавальніцкага цэнтра», «Siena.LT», «Re:Baltica» і «Frontstory». 

У сярэдзіне траўня групе літоўскіх паліцэйскіх давялося пераследаваць аўтамашыну «Audi» з нелегальнымі мігрантамі з Сірыі. У выніку пагоні машына разбілася, кіроўца і адзін пасажыр загінулі. Паводле інфармацыі літоўскіх праваахоўных органаў, людзі былі вывезеныя з Латвіі, куды яны прыбылі, незаконна перайшоўшы мяжу з Беларуссю. Журналістам удалося адсачыць, як арганізавана нелегальная перавозка мігрантаў з Польшчы, Латвіі і Літвы. 


Вярбоўка ў Telegram 

«7 чалавек у Латвіі. 1500 долараў за чалавека. Людзі ўжо на месцы. Пішыце ў прыват». Так выглядае аб'ява пра найманне кіроўцы ў закрытай суполцы ў Telegram, куды ўдалося пракрасціся «Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру» (БРЦ). У групе шукаюць кіроўцаў, каб забіраць і перавозіць у Заходнюю Еўропу мігрантаў, якія перасеклі мяжу Беларусі. 

Гэта не адзінкавы выпадак. Перавозчыкі — і не толькі з Латвіі — патрабуюцца ледзь не кожны дзень. Спачатку вярбоўка адбываецца ў публічных суполках, пазней, пасля праверкі, — ужо ў закрытых каналах, дзе агучваюцца канкрэтныя прапановы. 

Незадоўга да апісанай аварыі ў Літве ў Telegram-канале з'явілася аб'ява, што шэсць чалавек трэба забраць у Латвіі. За кожнага было абяцана па тысячы долараў ЗША. Верагодна, гэтая аб'ява звязана менавіта з затрыманай у Літве групай, але даказаць гэта немагчыма. 

Літва чакае чарговага рэкорду 

Паводле слоў літоўскіх памежнікаў, сеткі кантрабанды людзей з'яўляюцца велізарнай праблемай для рэгіёна. «Толькі сёлета са студзеня мы распачалі 34 крымінальныя справы і затрымалі 40 кантрабандыстаў. Рэкорд — больш за 200 кантрабандыстаў у 2022 годзе — можа быць абноўлены», — кажа начальнік памежнай службы Літвы Рустамас Любаевас.

Як паведаміў міністр унутраных спраў Латвіі Марыс Кучынскіс, Дзяржаўная памежная ахова (ДПА) сёлета ўзбудзіла 26 крымінальных спраў за незаконнае перамяшчэнне асоб праз мяжу або прадастаўленне ім магчымасці незаконна знаходзіцца ў Лавіі. Але гэта толькі апошняе звяно — выканаўцы. Арганізатары не злоўленыя, яны не пакідаюць слядоў. Зносіны адбываюцца ананімна: кіроўцу, які адгукнуўся на аб'яву, паведамляюць месца, дзе ён павінен забраць людзей на сваёй машыне, і кажуць, куды іх даставіць. Аплата адбываецца наяўнымі або крыптавалютай. 


Латвія — слабое звяно 

У жніўні пройдзе два гады з пачатку міграцыйнага крызісу, або гібрыднай вайны Лукашэнкі, але паток людзей не вычэрпваецца. Са жніўня 2021 года на мяжы паміж Латвіяй і Беларуссю спынена 12,5 тысяч чалавек, у тым ліку 3000 сёлета. Міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ кажа, што найбольшую занепакоенасць выклікае мяжа Латвіі, бо і Літва, і Польшча ўжо пабудавалі на сваіх межах фізічныя бар'еры. Улады Літвы назіраюць трывожны рост колькасці мігрантаў, якія прыбываюць у краіну з Латвіі. 

Міністр унутраных спраў Латвіі Кучынскіс прызнае гэты факт: «Пакуль Літва і Польшча будавалі [плот], я не ведаю, што мы рабілі». Міністр, які ўступіў на пасаду ў канцы 2022 года, вінаваціць у зацягванні працэсу сваіх папярэднікаў. Платы на мяжы з Расіяй і Беларуссю вырашана было будаваць яшчэ ў 2017 годзе. Перашкодзілі скандалы, парушэнні ў працэсе будаўніцтва, у сувязі з крымінальным працэсам працы на мяжы з Беларуссю былі адкладзеныя, і апамяталіся ўсе, толькі калі пачалася вайна. 

Першыя кіламетры пастаяннага плота на мяжы Латвіі з Беларуссю былі ўсталяваныя толькі летам 2022 года, да сярэдзіны траўня бягучага года пабудавана 57 кіламетраў з запланаваных 173. Тэрміны зноў ссунуліся, гэтым разам — праз дрэннае надвор'е зімой. Паводле сцвярджэнняў Кучынскіса, групы мігрантаў, якіх ловяць у суседніх краінах, з'яўляюцца не з мяжы, а ўцякаюць з прытулку «Муценіекі», куды дастаўляюць тых, каму дазволілі перасячы мяжу Латвіі з гуманітарных меркаванняў. 

«Яны ў асноўным ловяць і вяртаюць тых, хто ў «Муценіекі» сагрэўся, папіў гарбаты і нейкім чынам прабраўся далей», — кажа міністр. Паводле статыстыкі ДПА, у гэтым годзе прытулак самавольна пакінулі 400 мігрантаў, прыкладна палова гэтых людзей затрыманыя ў Літве і Польшчы, а затым вернутыя ў Латвію. 


Сафары ў Лукашэнкі 

Міжнароднай групе журналістаў удалося атрымаць доступ да дакументаў, якія праліваюць святло на пачатак міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе. У чэрвені 2021 года Аляксандр Лукашэнка ў адказ на санкцыі, уведзеныя пасля затрымання Рамана Пратасевіча, заявіў, што не стане перашкаджаць людзям, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Еўрасаюз праз тэрыторыю Беларусі, пасля чаго ў Польшчу і Літву пачаўся наплыў мігрантаў з краін Блізкага Усходу. Больш за тое, Беларусь пачала актыўна выдаваць візы замежнікам з тым, каб потым пераправіць іх у суседнія краіны. 

БРЦ мяркуе, што насамрэч планаваць міграцыйны крызіс улады Беларусі пачалі раней. Яшчэ ў траўні 2021 года былы супрацоўнік МУС Дзмітрый Корабаў ад імя кампаніі «Аскартур» заключыў з дзяржаўным тураператарам «Цэнтркурорт», які ўваходзіць у структуры Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, дамову аб супрацоўніцтве ў галіне міжнароднага турызму паміж арабскімі краінамі і Беларуссю. Праз некалькі дзён адкрыліся прамыя авіязносіны паміж Мінскам і Багдадам, а «Цэнтркурорт» пачаў сотнямі афармляць запрашэнні для «турыстаў». 

Згодна з гэтымі запрашэннямі, на аснове якіх выдаваліся візы, замежнікі прыязджалі на паляванне, арганізаванае «Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў», падведамным Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі. Размяшчалі іх у гасцініцах Кіраўніцтва. Калі да канца 2021 года паляўнічыя ўгоддзі былі месцам эксклюзіўнага адпачынку, то пазней яны ператварыліся ў агульнадаступную тэрыторыю адпачынку, які маглі дазволіць сабе іракскія хатнія гаспадыні, прадаўцы, студэнты, настаўнікі і інжынеры. 

Як сведчаць дакументы, якія трапілі ў распараджэнне БРЦ, дыпламаты, звязаныя з урадам Ірака і авіякампаніяй, адказнай за перавозку большасці мігрантаў, рэгулярна наведвалі Беларусь за некалькі месяцаў да пачатку крызісу. Напрыклад, ганаровы консул Беларусі ў Багдадзе і прадстаўнік авіякампаніі «Fly Baghdad» Маджыд аль-Каісі з кастрычніка 2020 года некалькі разоў ездзіў у Мінск. Афіцыйна мэтай візітаў з'яўлялася абмеркаванне «паглыблення ўзаемадзеяння дзвюх краін у сферы адукацыі і турызму». «Fly Baghdad» неўзабаве стаў асноўным перавозчыкам мігрантаў у Беларусь, і аль-Каісі зарабіў на гэтым. 

МЗС Ірака не адказаў на просьбу пракаментаваць візіт консула ў Мінск. Журналістам удалося звязацца з жонкай аль-Каісі, беларускай. Яна адмовілася даць кантактную інфармацыю свайго мужа і катэгарычна адмаўляла, што ён быў датычны да міграцыйнага крызісу або займеў з яго выгаду. 


Погляд знутры 

Калі натоўпы мігрантаў пазапаўнялі ўсходнюю мяжу, ЕС увёў санкцыі супраць некалькіх асоб і арганізацый, якія маюць дачыненне да аперацыі. Санкцыі былі ўведзеныя супраць турагенцтва «Оскартур», што належыць грамадзяніну Ірака, і кампаніі «Цэнтркурорт». Дакументы, якія маюцца ў журналістаў, паказваюць, што гэтыя дзве структуры супрацоўнічалі і выкарыстоўвалі асабістыя паляўнічыя ўгоддзі Лукашэнкі для перамяшчэння ў Беларусь не менш за 1350 чалавек. 

Ёсць у распараджэнні журналістаў і запісы размоў намеснік дырэктара «Оскартур» Дзмітрыя Корабава, былога супрацоўніка праваахоўных органаў. Ён кантраляваў прыбыццё мігрантаў у Беларусь і быў звязаны з сілавікамі. Напрыклад, зафіксаваныя яго размовы пра «бізнэс» з начальнікам крымінальнай паліцыі Мінска Андрэем Сачковым. Аднак пазней з невядомых прычын Корабаў перастаў сябраваць з рэжымам і цяпер знаходзіцца ў турме. У лютым ён быў арыштаваны беларускім КДБ па абвінавачанні ў «арганізацыі нелегальнай міграцыі». 

Міграцыйны крызіс на знешняй мяжы ЕС з задавальненнем выкарыстоўваюць пракрамлёўскія СМІ, расказваючы пра тое, як гэтыя людзі пакутуюць і нават гінуць з-за таго, што іх не пускаюць у суседнія з Беларуссю краіны Еўрасаюза. Днямі ў беларускіх СМІ з'явіліся навіны пра магчымыя «правакацыі» ў ліпені, калі ў Вільні будзе праходзіць саміт NATO. І латвійскі, і літоўскі міністры ўнутраных спраў заявілі, што сітуацыя адсочваецца, але не сталі ацэньваць, наколькі рэалістычны такі сцэнар.