Партыя БНФ не мае запазычанасцяў па аплаце арэнды Сядзібы ў Менску
У эканамічным судзе Мінска суддзя Наталля Крук распачала разгляд справы па іску, які пададзены дзяржаўным прадпрыемствам «Домэнергасэрвіс» на адрас Партыі БНФ.
Ісцец патрабуе скасаваць дамову арэнды памяшкання дзяржаўнай уласнасці па адрасе Чарнышэўскага, 3, дзе ад 2011 года размешчаны партыйны офіс, а таксама юрыдычныя адрасы Мінскай гарадской і Мінскай абласной арганізацыйных структураў Партыі БНФ.
Напярэдадні судовага разгляду бакі правялі зверку аплаты і склалі акт, згодна з якім Партыя БНФ не мае запазычанасцяў па дамове арэнды: складзены бакамі ў лістападзе мінулага года графік ліквідацыі запазычанасцяў быў выкананы ў поўным аб’ёме і сваечасова, усе плацяжы атрыманыя ўласнікам у тэрмін да 31 снежня, таксама былі аплочаныя сваечасова і бягучыя плацяжы (арэндная плата за лістапад, снежань і студзень, разам з камунальнымі плацяжамі).
Сітуацыю каментуе старшыня БНФ Рыгор Кастусёў:
«Напярэдадні судовага разгляду мы прадставілі суду акт, які пацвярджае, што партыя добрасумленна выканала той графік аплаты запазычанасцяў, які мы ўзгаднілі з уласнікам у лістападзе: аплочанае ў поўным аб’ёме ўсё, што была вінная Партыя БНФ, яе мінская гарадская і мінская абласная арганізацыі. Паколькі мы сваю частку абавязкаў выканалі, то і прававых падставаў для скасавання дамовы няма. Мы паўторна прапануем дзяржаўнаму прадпрыемству міравое пагадненне.
Мушу выказаць падзяку беларускім грамадзянам, якія адгукнуліся на наш заклік і падтрымалі Фронт рублём — на наш адрас паступіла ахвяраванняў на суму больш за 23 тысячы рублёў. На дадзены момант засталася неаплочаная частка арэнды за структуры Грамадскага аб’яднання БНФ „Адраджэньне“, але, калі суд па партыі скончыцца станоўча, я ўпэўнены, што мы і астатнія запазычанасці ліквідуем, у тым ліку па арэндзе партыйных офісаў у іншых гарадах, дзе засталіся запазычанасці.
Я разглядаю сёняшнюю судовую справу як палітычную: ўласнікам памяшкання, дзе месціцца Сядзіба, з’яўляецца дзяржава (менавіта ад імя дзяржавы і выступае арэндадаўца — дзяржаўнае прадпрыемства „Домэнергасэрвіс“). І гэта менавіта дзяржава ініцыюе пазбаўленне партыі памяшкання і юрыдычнага адрасу — у 2010 годзе гэта адбылося адразу пасля прэзыдэнцкіх выбараў, цяпер адбываецца напачатку вялікага палітычнага сэзону з парламенцкай і прэзідэнцкай выбарчымі кампаніямі» — сказаў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
У якасці пацверджання палітычнага зместу судовай справы лідэр БНФ прывёў той факт, што Партыя БНФ не лічыцца ў спісе недобрасумленных арэндатараў, які публікуе Менгарвыканкам — у той час як там знаходзяцца шматлікія камэрцыйныя аргвнізацыі, якія маюць на парадак большыя запазычанасці, а таксама лаяльныя да дзяржавы структуры (напрыклад — Камуністычнай партыі Беларусі) ды прарасейскія арганізацыі (напрыклад, «Братство белорусов и россиян»). Рыгор Кастусёў таксама адзначыў, што тая ж КПБ мае ўстаноўлены ўрадам ільготны каэфіцыент 0,1 для аплаты арэнды, што дазваляе камуністам плаіцць за памяшканні ў дзесяць разоў меней за БНФ — і гэта ёсць красамоўнае парушэнне ўстаноўленага законам «Аб палітычных партыях» прынцыпа раўнапраўя палітычных партыяў.
«Магчыма, нейкія зламыснікі ва ўладзе разлічваюць выключыць БНФ з палітычнага працэсу на час выбарчых кампаніяў, пазбавішы партыю матэрыяльна-тэхнічнай базы ў Менску. Магчыма, такім чынам яны хочуць зрабіць ласку Маскве ва ўмовах інфармацыйнай вайны: маўляў, глядзце як мы ціснем на нацыяналістаў, якія так напужалі вас, абвесціўшы 2019 год годам роднай мовы. Але гэтыя зламыснікі памыляюцца, прычым памыляюцца двойчы: для БНФ Сядзіба ў Менску вельмі важная, але БНФ — гэта не муры, гэта ў першую чаргу людзі і ідэя, якую такім простым чынам не знішчыць. А што да маскоўцаў — то ім не ахвярапрынашэнне БНФ патрэбная, ім трэба ўсю нашую незалежнасць знішчыць, а можа нават і ўсю беларускую нацыю. Але мы ім гэтага не дазволім!» — сказаў Рыгор Кастусёў.
Старшыня Партыі БНФ адзначыў, што партыя падрыхтаваная да любога выніку судовага працэсу, які пачынаецца сёння: «Мы разлічваем на станоўчы вынік — бо пры аплочаных згодна з графікам запазычанасцях фактычныя гаспадарча-прававыя падставы для скасавання дамовы арэнды адсутнічаюць. Але мы падрыхтаваныя і да адмоўнага рашэння: распрацаваныя і адміністратыўна-тэхнічныя захады (бо трэба будзе пераносіць працу ў іншае памяшканне і адмовіцца ад прадстаўлення памяшкання шматлікім культурніцкім, праваабарончым і патрыятычным ініцыятвам, што стала ладзілі свае імпрэзы на базе Сядзібы), і захады юрыдычнага характару (безумоўна, адмоўнае рашэнне мы ў любым выпадку будзем абскарджваць, але мусім таксама і пераводзіць юрыдычныя адрасы партыі і ўсіх стурктураў у новыя памяшкання). Аднак, паколькі рашэнне пра высяленне БНФ з Сядзібы, калі яно будзе прынятае, то гэта будзе палітычнае рашэнне — будуць у нас і пэўныя палітычныя высновы, якія адаб’юцца на тактыцы дзеянняў партыі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве» — паведаміў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у камэнтары напярэдадні разгляду справы ў гаспадарчым судзе.
Паводле narodny.org