Пасля затрымання сябра групы Ціханоўскай зніклі 1500 подпісаў

Алега Баброўскага з ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай затрымалі каля Камароўскага рынку ў Мінску раніцай 7 чэрвеня за паркоўку ў забароненым месцы, перадае Радыё Свабода.

Збор подпісаў на пікетах ля Камароўкі 7 чэрвеня. Фота Арцёма Лявы

Збор подпісаў на пікетах ля Камароўкі 7 чэрвеня. Фота Арцёма Лявы

У нядзелю 7 чэрвеня на пляцоўцы перад Камароўскім рынкам у Мінску павінен быў прайсці вялікі пікет па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у якасці кандыдаткі на выбарах прэзідэнта Беларусі. Як расказалі Свабодзе сябры ініцыятыўнай групы Ціханоўскай, раніцай 7 чэрвеня перад пачаткам збору подпісаў ля Камароўкі быў затрыманы іх паплечнік Алег Баброўскі.
Прычынай затрымання стала тое, што ён запаркаваў аўтамабіль у забароненым месцы. Баброўскага звезлі ў невядомым кірунку супрацоўнікі міліцыі. Праваахоўнікі забралі і аўтамабіль Баброўскага, у якім быў рыштунак для збору подпісаў, а таксама падпісныя лісты, як чыстыя, так і запоўненыя.
Як сказалі Свабодзе сябры ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, суд над Алегам Баброўскім адбыўся 8 чэрвеня. Актывіста прызналі вінаватым у непавазе да суду і прысудзілі яму 20 сутак арышту, а таксама штраф.
«Сабраныя подпісы нам не вярнулі, — сказала Свабодзе сяброўка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Марыя Мароз. — Аўтамабіль Алега таксама не аддалі».
Па стане на 9 чэрвеня за кратамі знаходзяцца больш за дзесяць сяброў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Частка з іх, у тым ліку кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі, абвінавачваюцца па 342 артыкуле Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Алесь Пілецкі, svaboda.org