Пасол ЗША заклікае вызваліць і рэабілітаваць палітвязняў
Амбасадар ЗША пры АБСЭ Іэн Келі зрабіў заяву з нагоды другой гадавіны жорсткага падаўлення мірнай акцыі пратэсту ў Беларусі.
Іэн Келі нагадвае, што 19 снежня адзначалі другую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў снежні 2010. Падчас гэтых выбараў былі дапушчаныя сур’ёзныя парушэнні міжнародна прызнаных
дэмакратычных стандартаў, паліцыя сілай расправілася з натоўпам мірных дэманстрантаў. Многія людзі былі збітыя, больш за 700 былі затрыманыя, у тым ліку сем кандыдатаў у прэзідэнты, —
заяўляе амбасадар ЗША пры АБСЭ.
Наступствы гэтых дзеянняў працягваюць адчувацца сёння ў Беларусі. Некаторыя дэмакратычныя актывісты апазіцыі знаходзяцца ў турме. Адзін з гэтых зняволеных, Зміцер Дашкевіч, павінен быў быць вызвалены
з турмы на гэтым тыдні, але яго тэрмін быў працягнуты яшчэ на адзін год, гэта сведчыць пра адсутнасць незалежнай судовай сістэмы і выбарачны пераслед дэмакратычнай апазіцыі. Мы пацвярджаем наш заклік
да неадкладнага, безумоўнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных. Урад па-ранейшаму не выконвае асноўныя прынцыпы свабоды слова, асацыяцый і сходаў, як гэта адлюстравана ў
канчатковым дакладзе БДІПЧ АБСЭ па выніках парламенцкіх выбараў ў Беларусі ў верасні 2012 году, гаворыцца ў заяве Іэна Келі.
«Нагадаю, што 1 снежня 2010 году ў сумеснай заяве ЗША і Беларусі гаварылася, што пашырэнне павагі да дэмакратыі і правоў чалавека застаецца цэнтральным пунктам для паляпшэння двухбаковых
адносін. Мы заклікаем урад Беларусі супрацоўнічаць з інстытутамі АБСЭ для забеспячэння выканання мэтаў і каштоўнасцяў гэтай арганізацыі. І мы працягваем падтрымліваць беларускіх абаронцаў правоў
чалавека, незалежных журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці, якія імкнуцца пабудаваць адкрытую, дэмакратычную будучыню для сваёй краіны,» — запэўнівае амбасадар ЗША пры
АБСЭ.
Паводле svaboda.org