Павел Латушка: «Дэпутаты» вырашылі адкрыта падтрымаць тэрор у дачыненні да беларусаў

Павел Латушка у сваім тэлеграм-канале выказаўся наконт паправак у закон «Аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь».

latuszka_2508.jpg


Павел Латушка адрэагаваў на заяву дэпутата Палаты прадстаўнікоў Марыі Васілевіч, што прапанавала пазбаўляць грамадзянства.

«"Дэпутаты" вырашылі перапыніць сваё маўчанне і адкрыта падтрымаць тэрор у дачыненні да грамадзян краіны. Не толькі падтрымаць, але і пашырыць прастору тэрору з дапамогай прыняцця зусім абсурднага закона аб пазбаўленні грамадзянства за актыўнае выказванне сваёй пазіцыі, які супярэчыць нормам права. Фактычна, гэта азначае, што сістэма абмежаваная ў рэсурсах падаўлення пратэстаў і можа толькі ўзмацняць хвалю рэпрэсій і беззаконня».

Павел Латушка кажа, што «гэтая ініцыятыва дэпутатаў параўнальная з дзеяннямі гітлераўскага, нацысцкага рэжыму». І абяцае, што кожны з «дэпутатаў», хто прагаласуе за гэты закон, «уносіць сябе ў санкцыйны спіс».

«Вы ні слова не сказалі ў сувязі з забойствамі і катаваннямі мірных грамадзян, ужо 26 тысяч беларусаў падвергліся затрыманням і арыштам у нашай краіне. Значыць, дэпутаты становяцца маўклівымі саўдзельнікамі злачынстваў рэжыму», — кажа Павел Латушка. Ён абяцае, што «пасля сыходу Лукашэнкі» гэты закон будзе «ў тую ж секунду прызнаны несапраўдным, але гэтыя «дэпутаты» застануцца злачынцамі і здраднікамі назаўжды».