Пазбаўлены адтэрміноўкі выканання прыгавору актывіст Дзмітрый Паліенка правядзе ў зняволенні паўтара года

З улікам часу, праведзенага ў 2016 годзе пад вартай да суда, тэрмін зняволення актывіста Дзмітрыя Паліенкі складзе паўтара года і 13 дзён, паведаміў праваабарончы рэсурс spring96.org.

Зміцер Паліенка. Здымак «Радыё Свабода»

Зміцер Паліенка. Здымак «Радыё Свабода»


Рашэннем суда Заводскага раёна Мінска 7 красавіка Дзмітрый Паліенка быў пазбаўлены адтэрміноўкі выканання прысуду.
У кастрычніку 2016 года Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання на два гады. Яго абвінавацілі ў насіллі ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў падчас акцыі веласіпедыстаў "Крытычная маса" ў красавіку таго ж года.
Актывіст апошнім часам некалькі разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. 10 сакавіка Паліенка быў арыштаваны на сем сутак за тое, што пасля абвяшчэння прыгавору суда Першамайскага раёна ў дачыненні да фанатаў футбольнага клуба "Партызан" па т.зв. справе антыфашыстаў выкрыкваў "Ганьба!" ("Ганьба!") і іншыя рэплікі ў знак нязгоды з рашэннем суддзі, які прыгаварыў абвінавачаных да пазбаўлення волі на тэрмін ад 4 да 12 гадоў. Паліенку абвінавацілі ў дробным хуліганстве па арт. 17.1 КоАП і ў непадпарадкаванні законным патрабаванням службовых асоб згодна з арт. 23.4 КоАП.
20 сакавіка Паліенка быў арыштаваны на 15 сутак за ўдзел у акцыі па абароне Курапатаў. Варта зазначыць, што ў дзень заканчэння тэрміну арышту Паліенка на волю не выйшаў: як паведамілі яго былыя сукамернікі, актывісту "дадалі" яшчэ 10 сутак арышту, за што — невядома. Паліенку пакінулі ў жодзінскім ізалятары. Праваабаронцы не выключаюць, што гэта было зроблена спецыяльна, каб пратрымаць актывіста да вынясення судовага рашэння 7 красавіка.
Разгледзеўшы прадстаўленні органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага, 7 красавіка суддзя Алена Капцэвіч адмяніла адтэрміноўку з далейшым накіраваннем Дзмітрыя Паліенкі для адбывання пакарання, прызначанага прысудам. З улікам часу, праведзенага летась пад вартай да суда, тэрмін зняволення актывіста складзе паўтара года і 13 дзён. Гэтае судовае рашэнне абскарджанню не падлягае.
Паводле БелаПАН