Першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты

Першы намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч 8 жніўня зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Каліноўскай выбарчай акрузе Мінска № 108.

5a6e511f_23c9_42ef_8e69_717a2846d834_cx0_cy7_cw100_w610_r0_s_r1.jpg


"Я зарэгістраваны. Пачынаем моцную агітацыйную кампанію, як толькі будзе зарэгістраваны выбарчы фонд. У нас наперадзе цэлы месяц", — цытуе Губарэвіча прэс-служба арганізацыі.
На думку палітыка, выбаршчыкі атрымаюць у яго асобе "годную альтэрнатыву праўладным кандыдатам".
Губарэвіч паведаміў, што па ягонай акрузе два з сямі прэтэндэнтаў не былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты, у тым ліку незалежны кандыдат Барыс Лясун.
Як паведамлялася раней, 8 жніўня было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты намесніку старшыні руху "За Свабоду" Алесю Лагвінцу. "Відавочна, што Алесь імкнуўся да перамогі і праводзіў яркую кампанію падчас збору подпісаў. Гэта не магло не напалохаць выбаркам. Адбіраючы ў яго магчымасць далейшага ўдзелу, улада пазбаўляецца ад досыць моцнага прэтэндэнта на перамогу", — сказаў Губарэвіч.
Ён таксама адзначыў, што чакае рэгістрацыі іншых кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах пры падтрымцы руху "За Свабоду". "Большасць з іх вылучаліся шляхам збору подпісаў, а значыць, праводзілі ў акругах прыкметныя кампаніі, працавалі і ўвесь час размаўлялі з выбаршчыкамі", — заявіў палітык.
Парламенцкія выбары адбудуцца 11 верасня.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН