Пяскоў назваў немагчымым аднаўленне СССР

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў назваў немагчымым аднаўленне СССР. Працэсы, якія ідуць на постсавецкай прасторы, маюць іншы змест. Так Пяскоў пракаментаваў меркаванне намесніцы дзяржсакратара ЗША Вікторыі Нуланд, якая заявіла, што Уладзімір Пуцін хоча адрадзіць Савецкі Саюз.

peskov1.jpg


«Я перакананы, што спадарыня Нуланд, гэтак жа, як і мы, і як і іншыя спецыялісты, выдатна разумее, што аднаўленне Савецкага Саюза немагчымае», — сказаў Пяскоў, перадае REFORM.by.

Па яго словах, ні СНД, ні ЕАЭС, ні Саюзная дзяржава не маюць дачынення да аднаўлення СССР.

«На прасторы былога СССР даўно сфармаваліся, адужалі і паспяхова развіваюцца незалежныя суверэнныя дзяржавы, і на гэтай прасторы дзяржавы ставяцца адзін да аднаго, зыходзячы з узаемнай павагі, узаемнага даверу і неўмяшання ва ўнутраныя справы адзін аднаго», — заявіў Пяскоў.

Сёння спаўняецца 30 гадоў з дня падпісання Белавежскіх пагадненняў, якія прывялі да стварэння СНД і дэ-факта азначалі спыненне існавання СССР.