Польшча раіць сваім грамадзянам пакінуць Беларусь

МЗС Польшчы ў «Twitter» параіла палякам не ездзіць у Беларусь, а польскі ўрад заклікаў сваіх грамадзян, якія зараз знаходзяцца ў нашай краіне, пакінуць яе.

belnaviny.by_3_2.jpg


Праз пастаяннае павелічэнне напружанасці ў рэгіёне польскія ўлады вырашылі заклікаць сваіх грамадзян пакінуць Беларусь і не наведваць яе ў бліжэйшы час. Як паведамляе агенцтва «Reuters», урад Польшчы выступіў са зваротам, у якім даў рэкамендацыю «грамадзянам Польшчы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пакінуць яе тэрыторыю ўсімі даступнымі сродкамі».
Польскае МЗС размясціла аналагічны заклік у «Twitter»:
«З-за росту напружанасці, ваенных дзеянняў у рэгіёне і неаднаразовых выпадкаў арыштаў МЗС Польшчы раіць палякам не ездзіць у Беларусь. У выпадку пагаршэння сітуацыі, закрыцця меж і непрадбачаных сітуацый эвакуацыя можа быць ускладненая».
Нагадаем, у верасні МЗС Польшчы зрабіла аналагічны зварот з заклікам да сваіх грамадзян не наведваць тэрыторыю Расійскай Федэрацыі. Адзначалася, што «на тэрыторыі краіны-агрэсара немагчыма карыстацца польскімі банкаўскімі карткамі, там распаўсюджаны адвольныя затрыманні, прымусовы агляд змесціва мабільных тэлефонаў».

Акрамя таго, у выпадку закрыцця меж або надзвычайных сітуацый эвакуацыя палякаў таксама можа быць немагчымай.