Пракурор назваў Бандарэнку «небяспечным для грамадcтва» і запатрабаваў яшчэ 1 год турмы

У Магілёве працягваецца суд над праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам.

Суд над праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам. Магілёў, 29 сакавіка 2107 году / svaboda.org

Суд над праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам. Магілёў, 29 сакавіка 2107 году / svaboda.org

Тэрмін ягонага трохгадовага зняволеньня заканчваецца 31 сакавіка 2017 году, але пракурор падчас судовых спрэчак запатрабаваў пакараць Бандарэнку 1 годам пазбаўлення волі і ўжыць меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Пракурор Сяргей Мінаў папрасіў суд даць Бандарэнку 1 год строгага рэжыму, узяўшы яго пад варту. Ён лічыць, што віна Бандарэнкі даказаная паводле артыкулу 411 2 часткі. Паводле абвінаваўцы, Бандарэнка сістэматычна парушаў парадак адбывання пакарання ў папраўчай установе. Спаслаўся на паказанні сведак. Згадаў, што Бандарэнка віну не прызнаў, але рапарты супрацоўнікаў адміністрацыі турмы пацвярджаюць, што асуджаны парушэнні здзяйсняў. Пракурор Мінаў інтэрпрэтаваў тое, што суды не задаволілі скаргаў Бандарэнкі, як слушнасць дзеянняў турэмнікаў. Недакладнасці ў паказанні турэмнікаў, зазначыў Мінаў, нязначныя і не ўплываюць на аб’ектыўнасць следства.
Пракурор Мінаў назваў Бандарэнку небяспечным для грамадства чалавекам.
Бандарэнку вінавацяць паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу — у злосным парушэнні парадку адбыцця пакарання ў турме № 4. За тры дні да сканчэння трохгадовай няволі Бандарэнку пагражаюць яшчэ два гады паводле другой часткі артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу.
Сваёй віны Бандарэнка не прызнае. Ён з адвакатам знаходзілі у словах кожнага са сведкаў — кантралёраў і супрацоўнікаў магілёўскай турмы № 4 — супярэчнасці ў паказаннях. Але дзяржаўны абвінаваўца супярэчанняў не бачыў.
Андрэй Бандарэнка — былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Інавэйшн», што займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзясятак спагнанняў у розных месцах пазбаўлення волі, дзе ён адбываў тэрмін. Праз гэта былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Інавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму
У выпадку асуджэння Бандарэнкі паводле ч. 2 арт. 411 КК праваабаронцы будуць гатовыя прызнаць яго палітычным зняволеным.
Паводле Радыё Свабода