Прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі раскрытыкаваў Меркель за перамовы з Лукашэнкам

Патэлефанаваўшы Лукашэнку, Ангела Меркель спрыяла легітымізацыі яго рэжыму, лічыць Матэвуш Маравецкі.

a3cf58d4a48668de186a7726c5f7d65b0017d8cd1d1107eb7fe76bf896765486_1024x576.jpg

Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі раскрытыкаваў в. а. канцлера Германіі Ангелу Меркель за перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, піша «Наша Ніва». 

У інтэрв'ю агенцтву DPA, апублікаваным у суботу, 27 лістапада, Маравецкі вітаў намаганні ЕС, накіраваныя на дыпламатычнае ўрэгуляванне крызісу вакол мігрантаў на беларуска-польскай мяжы, аднак сказаў, што Меркель, патэлефанаваўшы Лукашэнку, «спрыяла легітымізацыі яго рэжыму, у той час як барацьба за свабодную Беларусь працягваецца ўжо 15 месяцаў».

Меркель, нагадаем, у сярэдзіне лістапада двойчы тэлефанавала Лукашэнку, за што падверглася крытыцы як у Германіі, так і за яе межамі. Афіцыйны прадстаўнік урада Штэфэн Зайберт абгрунтаваў неабходнасць кантактаў з Лукашэнкам катастрафічным становішчам тысяч мігрантаў на беларуска-польскай мяжы. Пры гэтым Зайберт адзначыў, што дзеянні Меркель былі ўзгодненыя з Еўракамісіяй.

Маравецкі абвінаваціў Лукашэнку ў выкарыстанні тэлефонных перамоваў з Меркель ва ўласных мэтах. «Ён прадставіў справу так, быццам Меркель пагадзілася на транспарціроўку дзвюх тысяч мігрантаў па калідоры ў Германію і іншыя еўрапейскія краіны, аднак гэта не так», — падкрэсліў польскі прэм'ер.