Расійска-ўкраінскія перамовы адклалі на 3 сакавіка. Яны павінны прайсці ў Віскулях
Другі раўнд перамоў Расіі і Украіны планавалі на 2 сакавіка, але адклалі, бо яшчэ не прыехала ўкраінская дэлегацыя.
Расійская дэлегацыя ўжо прыехала ў меркаванае месца правядзення перамоў Расіі і Украіны, паведамляе ТАСС. Украінская яшчэ не прыбыла, таму перамовы пераносяцца. Расійскі бок чакае, што ўкраінская дэлегацыя прыбудзе 3 сакавіка, і гарантуе «калідор бяспекі» (падчас мінулых перамоў умову Украіны спыніць абстрэлы Расія не выканала). Украінскі бок пацвярджае, што дэлегацыя яшчэ не прыбыла.
Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у інтэрв’ю «Al Jazeera» заявіў, што Расія нібыта патрабуе не капітуляцыі, а толькі дамовы з Украінай на ўмовах Расіі. Сярод гэтых умоў — «дэмілітарызацыя» і «дэнацыфікацыя» (пазбаўленне Украіны зброі, якая «можа пагражаць Расіі», змена кіраўніцтва на прарасійскае, кадравыя чысткі), прызнанне «ДНР» і «ЛНР» у межах Данецкай і Луганскай абласцей.
Аднак кіраўнік расійскай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі ў той жа час кажа, што на перамовах будуць абмяркоўвацца тэмы спынення агню і стварэння гуманітарнага калідору.
Першы раўнд перамоў між Расіяй і Украінай прайшоў 28 лютага — на чацвёрты дзень атакі Расіі. Перамовы трывалі пяць гадзін і скончыліся амаль безвынікова.
Украіна дамагалася, каб перамовы праходзілі на нейтральнай тэрыторыі — спачатку настойвалі на нейтральнай краіне, потым пагадзіліся на беларуска-расійскую мяжу, але ўрэшце правялі перамовы на тэрыторыі Беларусі, адкуль расійскія войскі абстрэльваюць Украіну і вядуць наступ.
Наступныя перамовы маюць адбыцца ў Белавежскай пушчы, у рэзідэнцыі «Віскулі». Менавіта там у 1991 годзе былі падпісаныя «Белавежскія пагадненні», якія паклалі канец існаванню СССР.