Расійскія банкі, якія трапілі пад санкцыі, адключаюць ад SWIFT
ЗША, Канада і ключавыя краіны Еўрасаюза, уключаючы Германію, Францыю і Італію, узгаднілі выключэнне з сістэмы міжбанкаўскіх плацяжоў SWIFT расійскіх банкаў, якія трапілі пад санкцыі.
Пра гэта гаворыцца ў заяве на сайце Белага дома.
Для выключаных з сістэмы банкаў гэта азначае, што плацяжы ў іх з-за мяжы і за мяжу будуць ускладненыя — іх давядзецца праводзіць іншымі спосабамі, напрыклад факсам ці тэлетайпам.
Дакладны спіс банкаў, якія трапілі пад абмежаванне, не прыводзіцца. Санкцыі цяпер уведзеныя, у прыватнасці, супраць «Альфа-Банка», ВЭБ, ВТБ, «Промсвязьбанка», «Открытия», Банка «Россия», «Россельхозбанка», МКБ, «Совкомбанка» і некалькіх крэдытных арганізацый, якія працуюць у анэксаваным Крыме.
Рашэнне краін, якія дамовіліся пра адключэнне ад SWIFT, узмацняе санкцыі, уведзеныя супраць Расіі пасля пачатку паўнамаштабнай вайны з Украінай.