Раўкоў распавёў, як медыі ды блогеры хочуць правесці ў Беларусі каляровую рэвалюцыю

Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў пра шэсць спробаў каляровых рэвалюцыяў у Беларусі, паведамляе Белсат.

raukou_1.jpg

Як паведаміў вайсковы чыноўнік у Facebook, пачынаючы з 1994 года, ніводная значная выбарчая кампанія ў Беларусі не абыходзілася без вонкавага ўмяшальніцтва.
«Найноўшая гісторыя нашай краіны памятае як мінімум шэсць спробаў каляровых рэвалюцый», – сказаў Андрэй Раўкоў.
Пры гэтым ён спаслаўся на вынікі навукова-даследчай працы, якая праводзілася ў БДУ.
«Падобныя працэсы працягваюцца, хоць часам у больш выдасканаленых, нярэдка закамуфляваных формах. Адна з іх – так званая «трансфармацыя» прадугледжвае кардынальны дэмантажу суверэнітэту Беларусі праз змяненне грамадскай свядомасці, каштоўнаснай базы насельніцтва і дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнага кіравання. А асноўнымі драйверамі ў гэтым павінны быць вонкава непалітызаваныя структуры, недзяржаўныя медыі, блогасфера і сацыяльныя сеткі», – адзначыў дзяржсакратар Савету бяспекі.
Паводле яго, «іх выкарыстанне менавіта для масавага «прамывання мазгоў» ператварылася ў вырашальны фактар канфліктаў і сацыяльных узрушэнняў XXI стагоддзя».

Афіцэры выступілі ў падтрымку Лукашэнкі

Між тым Міністэрства абароны апублікавала інфармацыю пра тое, што Каардынацыйны савет Афіцэрскіх сходаў ВПС і войскаў СПА звярнуўся да афіцэрскага корпусу Узброеных Сілаў Беларусі з прапановай аб поўнай падтрымцы дзейнага кіраўніка дзяржавы на прэзідэнцкіх выбарах.
«Армія Беларусі ганарыцца сваім Галоўнакамандуючым – Прэзідэнтам краіны А. Р. Лукашэнкам, і пад яго кіраўніцтвам і надалей надзейна забяспечыць незалежнасць, суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць і непахіснасць канстытуцыйнага ладу Беларусі», – гаворыцца ў звароце.
Афіцэрскія сходы падтрымалі зварот аднагалосна, паведамляе ведамства.