Кастусёў не будзе арганізоўваць перамовы з уладальнікамі «Поедем, поедим»

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў абвесціў пра прыпыненне сваёй працы па арганізацыі перамоваў з уладальнікамі рэстарацыі «Поедем, поедим» у Курапатах. Пра гэта палітык заявіў праз прыватны акаўнт у фэйсбуку.  

ryhor_kastusjou__2_.jpg

Заява Старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва:
У апошнія дні сітуацыя з адкрыццём забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу "Поедем, поедим" каля месца зьнішчэння ахвяраў бальшавізму ў Курапатах абвастрылася. Уладальнікі і супрацоўнікі рэстарацыі бяруць ўласнаручны ўдзел у збіцці пратэстоўцаў, улады ажыццяўляюць адміністратыўны пераслед удзельнікаў грамадзкай варты, у гэты час самая рэстарацыя працягвае функцыянаваць, нягледзячы на мізэрную колькасць наведвальнікаў.
Перакананы, што знаходжанне забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу "Поедем, поедим" каля месца зьнішчэння ахвяраў бальшавізму ў Курапатах з'яўляецца недапушчальным.
Справа з арганізацыяй перамоваў паміж прадстаўнікамі грамадзкасці і ўладальнікамі рэстарацыі, ініцыяваная апошнімі ў адказ на блакаванне забаўляльнага комплексу, зацягнулася ўжо на месяц і, як выглядае, на гэты момант зайшла ў тупік.
16 ліпеня на нарадзе аргкамітэту абаронцаў Курапатаў з боку прадстаўнікоў шэрагу арганізацый-удзельніц Курапацкай варты было заяўлена пра недавер мне як асобе, што ўзяла на сабе справу арганізацыі перамоваў паміж прадстаўнікамі грамадзкасці і ўладальнікамі рэстарацыі.
Лічу, што абавязковай умовай поспеху справядлівага і маральна абгрунтаванага грамадзкага ціску ў цяперашняй сітуацыі вакол Курапатаў з'яўляецца безумоўная еднасць пазыцыяў пратэстоўцаў. Для плённай працы па арганізацыі перамоваў усіх зацікаўленых бакоў мне было важна адчуваць падтрымку ў гэтай справе з боку арганізацыяў, якія бяруць удзел у Курапацкай варце. Вынікі нарады 16 ліпеня сведчаць, што з боку шэрагу арганізацый гэтая падтрымка страчаная. Адпаведна, я не лічу сабе ўпаўнаважаным на арганізацыю перамоўнага працэсу паміж бакамі.
З улікам выкладзенага я спыняю свае функцыі па арганізацыі перамоваў паміж уладальнікамі рэстарацыі "Поедем, поедим" і пратэстоўцамі.
Я зрабіў усё што мог для вырашэння шляхам перамоваў праблемы з ажыццяўленнем вакол Курапатаў забаўляльнай дзейнасці . Калі нехта будзе здольны дамагчыся большага для вырашэньня прабемы – я ад імя Партыі БНФ дэклярую гэтаму чалавеку ці арганізацыі падтрымку і ўсебаковае садзейнічанне ў гэтай справе.

Паводле прэс-рэліза