Самыя злосныя парушальнікі рэжыму

Вязень сумлення Андрэй Бандарэнка, які цяпер e адзіночнай камеры Магілёўскай турмы №4, з болем у сэрцы ўспрыняў інфармацыю пра тое, што Міхаіла Жамчужнага паставілі на прафілактычны ўлік як злоснага парушальніка рэжыму.

77b838a7_3040_4bde_ba5e_b5c8d581aec5_cx0_cy5_cw0_mw1024_s_n_r1.jpg

Фармальнай падставай паслужыла «адзіночнае стаянне» каля медчасткі калоніі.

Андрэй Бандарэнка піша пра свае спробы абскардзіць рашэнне пра пастаўку на такі ўлік. Першапачаткова ён падаў скаргу па месцы свайго знаходжання — у суд Ленінскага раёна Магілёва. Аднак там адказалі — не да падсуднасці, звяртайцеся ў суд па месцы накладання спагнання (папраўчая калонія №19 Шклова). Бандарэнка звярнуўся са скаргай у суд Шклоўскага раёна. А там адмовілі, матывуючы тым, што пастаноўка на прафілактычны ўлік як злоснага парушальніка рэжыму — гэта не спагнанне, а стан зняволенага. Атрымліваецца, што наданне гэтага «звання» — таўро на вязні да канца тэрміну. Яго нельга зняць, а ў судзе — абскарджваць.

І яшчэ адна «крыўда». Бандарэнка папрасіў адміністрацыю турмы даць спатканне з бацькам на два месяцы раней: не ў лютым 2017 года, як гэта запланавана, а ў снежні 2016-га, паколькі 31 сакавіка 2017 года праваабаронцу павінны выпусціць з турмы. Але адмовілі. Больш за тое, калі яму паведамілі аб адмове, ён спытаў: «Дык, можа быць, адмовіце і ў дазволеным спатканні?». У гэтым яго пераконваць не сталі. Цяпер ён задумаўся, што можа стаць падставай для новага спагнання. Адна з яго здагадак — «не ўтрымліваў у чысціні жылое памяшканне». А калі пылу не знойдуць, то, на яго думку, могуць выявіць і часцінкі радыяцыі.

З досведу «бывалых», самы цяжкі перыяд у зняволенні — апошнія месяцы. У сувязі з гэтым я прашу праз публікацыю ў газеце: «Госпадзе, дапамажы Андрэю Бандарэнку адбыць астатні тэрмін турэмнага зняволення і выйсці на свабоду! Адчапіцеся ад яго, ліхадзеі, не чыніце яму падкопы, бо будзеце пакараныя судом Божым і людскім!»