СБУ: За тэрактам у Харкаве стаіць Расія
Служба бяспекі Украіны затрымала 4 падазраваных у датычнасці да падрыхтоўкі і правядзення выбуху ў Харкаве напярэдадні. Пра гэта паведаміў дарадца кіраўніка СБУ Маркіян Лубкіўскі.
Паводле яго, 22 лютага ў Харкаве гатаваўся яшчэ шэраг тэрактаў, якія ўдалося прадухіліць. За тэрактамі можа стаяць тэрарыстычная арганізацыя “Харкаўскія партызаны”.
Маркіян Лубкіўскі таксама паведаміў, што затрыманыя атрымлівалі інструкцыі і зброю ў Белгарадзе, на тэрыторыі Расеі. Як адзначае харкаўскі актывіст Еўрамайдана Сяргей Кузан, затрыманыя асобы маглі быць выканаўцамі, але важна, каб былі затрыманыя і арганізатары тэрактаў.
— У Харкаве дзейнічае такая падпольная сіла, заканспіраваная агентура, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў горадзе. Яна аднаўляецца, папаўняецца. Харкаў — памежная тэрыторыя з Расеяй.
І якраз выявіць гэтую агентуру — найбольшая праблема.
Напярэдадні ў Харкаве ў час маршу памяці ахвяраў прагрымеў выбух. У выніку загінулі 3 чалавекі, актывіст Еўрамайдана і міліцыянт, а таксама параненыя 8 чалавек, з якіх 4 ахоўнікі
правапарадку. У Харкаўскай вобласці абвешчаная жалоба.
Пра тое, што ў Харкаве распачата правядзенне антытэрарыстычнай аперацыі, заявіў сакратар Рады Нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксандр Турчынаў. «У сувязі з тэрактам, які адбыўся ў Харкаве… у горадзе ўведзены найвышэйшы ўзровень тэрарыстычнай пагрозы…» — сказаў Турчынаў. Паводле яго, у час мірнага шэсця, прысвечанага памяці загінулых на Майдане, было выкарыстана выбуховае прыстасаванне накіраванага дзеяння.
Турчынаў паведаміў, што ўжо затрыманыя чатыры ўдзельнікі падрыву і канфіскаваная зброя, уключаючы гранатамёт. Паводле інфармацыі Рады бяспекі Ўкраіны, група, што ажыццявіла тэракт, праходзіла навучанне ў расейскім Белгарадзе.
Паводле www.racyja.com