Шчоткіна: Якія дзве работы? Я так не казала
Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Мар'яна Шчоткіна адмовілася каментаваць журналістам свае выказванні пра неабходнасць беларусам "круціцца" на дзвюх работах.
"Якія дзве работы? Я так не казала. Прачытайце ўважліва, што я сказала, а не тое, што пісалі суб'ектыўныя журналісты", — заявіла яна 30 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
На пытанне, ці бачыла яна рэакцыю беларусаў на свае выказванні, Шчоткіна адказала: "Ну і што? Я сказала тое, што сказала. Тое, што там неяк перавярнулі суб'ектыўна, гэта ўжо падыход
журналістаў".
Нагадаем, як паведамляла дзяржаўнае агенцтва БелТА,18 чэрвеня падчас наведвання Гродзенскай абутковай фабрыкі "Нёман" Шчоткіна заявіла: "Умовы, якія сёння ёсць, схіляюць
сям'ю да таго, каб нараджаць больш дзяцей, калі гэта, вядома, запланавана. Таму што нараджэнне дзяцей дзеля дапамогі ці кватэры недапушчальнае, вядома ж. Але калі людзі прымаюць рашэнне аб
тым, што ў іх будзе двое-трое дзяцей ці больш, яны разумеюць таксама, што ім трэба, як кажуць, "круціцца". Для таго каб зарабіць, сёння ёсць магчымасці. Мы паглядзелі, што амаль 93%
беларусаў працуюць толькі на адной рабоце, а гэта і мужчыны. Але калі мама займаецца дома дзецьмі, дык хай бацька "пакруціцца". Тым больш што ў працоўнае заканадаўства ўнесеныя
адпаведныя змяненні: гэта і артыкул пра надомную працу, гэта магчымасць, напрыклад, калі на адным прадпрыемстве няпоўная занятасць, па сумяшчальніцтве працаваць на поўную стаўку там, дзе
сумяшчальніцтва аформленае. Сёння беларусам трэба праяўляць большую актыўнасць, каб павысіць свой дабрабыт".
Сёння журналісты пацікавіліся ў Шчоткінай, на колькіх работах "круціцца" яе муж, аднак на гэтае пытанне міністр працы і сацыяльнай абароны таксама не адказала.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН