Станіслаў Шушкевіч: Зараз ганарацца тым, чаго не было

Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавядае, чаму сёння ў некаторых людзей настальгія па СССР.



shushkevich_stanislau_833x400.jpg

Расійская прапагандысцкая машына, якая ў апошні час настальгіруе па “цікавых часах” Сталіна і Савецкага Саюза, робіць сваю справу і ў Беларусі. Усё больш стала з’яўляцца савецкай сімволікі, “дыскатэк СССР” ды іншых успамінаў пра старыя часы.

Што гэта: шчырае жаданне вярнуцца ў Саюз ці проста мода на сімвалы?

— Я думаю, усе гэтыя ўздыхі па Савецкаму Саюзу — вынік расійскай прапаганды. А ў Беларусі гэта падхопліваюць. І робіцца так таму, што няма чым захапіць сёння моладзь. Няма такой магчымасці, у адрозненні ад краін Еўразвязу. Чалавек не можа знайсці нармальную працу, не можа добра зарабіць… А калі і зарабляе, то дробязь. І тады ўлады пачынаюць “чысціць” людзям мазгі. Некалі тыя ж самыя камуністы казалі: “Калі чалавеку няма чым ганарыцца, ён ганарыцца нацыянальнасцю”. А зараз ганарацца тым, чаго па сутнасці не было. Вось гэта і прапаведуюць, адцягваюць увагу народа ад іх жа праблем.

— Людзі забыліся горкія ўрокі таго часу?

— Паўтаруся, гэта вынік прапаганды краіны, якая не можа ісці па цывілізаванаму шляху. І цяпер працуе на тое, каб людзі ўсхвалялі старыя сімвалы. Я не першы раз сутыкаюся з успамінамі аб мінулым, калі паказваюцца толькі станоўчыя рысы мінулага. Але нешта яны забыліся, колькі загінула людзей у ГУЛАГу, што было з іх бацькамі і дзядамі, якія гінулі ад таго рэжыму. Пра гэта ж амаль не гавораць. Ніхто не кажа, колькі тысяч людзей было загублена дарма дзеля перамогі. Гісторыю і праўду ніхто не хоча адкрываць і ведаць. Таму ўзнікае вялікая праблема.

 — Расія хоча стварыць імперыю накшталт былога Саюза?

— Яна і стварае, бо больш свету нічога асаблівага прапанаваць не можа. Назавіце мне, чым можа Масква ганарыцца зараз акрамя зброі? Нічым. Таму і патрэбна новая старая ідэя, якая б захапіла людзей. Усё гэта прасоўваецца ў грамадства. Таму, калі чалавек ідзе сёння ў майцы з надпісам СССР, а з кішэні ў яго тырчыць бутэлька гарэлкі — гэта і ёсць прадукт прапаганды.

—  Вы не верыце, што Саюз у нейкім новым выглядзе можа аднавіцца?

— У фізіцы ёсць такі тэрмін — аперыядычны працэс. Ён ідзе хвалямі — заносіць то ў адзін бок, то ў другі. А пасля супакоіцца. Так і грамадстве. Але калі “заносы” ў бок Саюза супакояцца, то гэта не азначае, што адбудзецца адраджэнне Савецкага Саюза. Як бы таго не хацелася таму ж Пуціну ці беларускім уладам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя