Старшынём аргкамітэту БСДП (Народная Грамада) пераабраны Мікола Статкевіч

Адпаведнае рашэнне прынялі 25 лютага дэлегаты чацвёртай сэсіі ўстаноўчага з'езда арганізацыі ў Мінску, паведамляе Радыё Свабода.

statkevich_1.jpg

Старшыню абралі таемным галасаваннем, у якім узялі ўдзел 52 дэлегаты. Яны аднагалосна падтрымалі пераабранне Статкевіча.
«Для мяне гэта гонар. Я паспрабую апраўдаць ваш давер. Буду ісці да канца, каб рэалізаваць нашы мэты і задачы», — заявіў палітык.
На сэсіі была прынятая палітычная рэзалюцыя. У ёй Аргкамітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) канстатуе, што «беларускі рэжым вычарпаў свае рэсурсы і не валодае патэнцыялам для неабходных краіне рэформаў».
Выбары, паводле рэзалюцыі, застаюцца «рытуалам прызначэння ўладамі цалкам кіраваных імі „дэпутатаў“, нават калі асобныя з іх належаць да дэмакратычных арганізацый».
Таксама Аргкамітэт БСДП (Народная Грамада) заявіў у рэзалюцыі пра «сваю рашучасьць працягваць барацьбу за свабоду і незалежнасць Беларусі».
Сваю дзейнасьць аргкамітэт мае намер засяродзіць на працягу кампаніі мірных публічных акцый «Улада — народу!»
«Мы будзем разам з іншымі патрыятычнымі сіламі весці агітацыю і праводзіць публічныя мерапрыемствы ў абарону незалежнасці. Мы лічым важным годна адзначыць 100-годдзе БНР у цэнтры сталіцы, каб прадэманстраваць гатоўнасьць патрыётаў абараняць дзяржаўнасьць нашай краіны», — гаворыцца ў рэзалюцыі.
*** Мікалай Статкевіч нарадзіўся ў жніўні 1956 году ў Слуцкім раёне ў сям’і настаўнікаў. Скончыў Мінскае вышэйшае інжынэрнае зенітнае ракетнае вучылішча. Кандыдат тэхнічных навук, спецыяліст у галіне кіравання. Падпалкоўнік запасу. У траўні 2005 году Статкевіч быў асуджаны на тры гады абмежавання волі за арганізацыю ў кастрычніку 2004 году ў Менску масавых несанкцыянаваных выступленняў супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова ў траўні 2007 году.
У 2010 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты. Пасля падзей Плошчы 19 сьнежня 2010 году суд прыгаварыў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). Быў вызвалены ў жніўні 2015 году.
Статкевіч узначальваў БСДП (Народная Грамада) з 1995 году да канца 2004 году, калі ў партыі адбыўся раскол і яна змяніла назву. У 2005 годзе палітык заявіў пра намер зноў заснаваць БСДП (Народная Грамада). 25 лістапада 2007 году прайшла першая сэсія ўстаноўчага з'езду партыі, на якой Статкевіч быў абраны старшынёй яе аргкамітэту.