Статкевіч у суд не пойдзе

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, нядаўні палітвязень №1 Мікалай Статкевіч не збіраецца ў сёння ісці ў суд. Пра гэта палітык паведаміў “Новаму Часу”.



mikola_1_logo.jpg

У панядзелак у медыях з’явілася інфармацыя, што на раніцу 22 верасня Мікалай Статкевіч і былы лідар грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” і таксама кандыдат у прэзідэнты на тых жа выбарах паэт Уладзімір Някляеў выкліканыя ў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Гэтую інфармацыю паведаміў журналістам старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька.

Па словах Мікалая Статкевіча, ні ў які суд у аўторак ісці ён не збіраецца. Як кажа палітык, гэта ўвогуле дзіўная гісторыя. Ён, як і планаваў, на тыдзень з’ездзіў у адпачынак з жонкай Марынай Адамовіч. І ўжо па вяртанні ў мінскім аэрапорце яму прыходзіць СМС-паведамленне, што яго хочуць бачыць у судзе Цэнтральнага раёна сталіцы 22 верасня.

Потым раздаўся і тэлефонны званок, і голас фактычна прадубляваў інфармацыю СМС-паведамлення. “Ніякай афіцыйнай позвы я не атрымліваў, пра што і сказаў гэтаму мужчыне, відаць, маладому, калі верыць голасу, таму ні ў які суд я не збіраюся. Да таго ж, сказаў я, мой адвакат на гэтым тыдні заняты. З іншага боку, а можа гэта нейкі пранкер? — усміхнуўся Статкевіч. — Апроч таго, не хачу сеяць страх. Бо ў нас ужо так: аднаму далі штраф, а дзесяць ходзяць з мокрымі штанамі. І вось гэты выклік у суд, я лічу, ёсць спробаю запалохаць іншых перад мерапрыемствам 23 верасня на Плошчы Свабоды. Я нават не хацеў даваць гэтую інфармацыю, распавёў пра гэта толькі Лябедзьку, але Анатоль паспяшаўся давесці яе да публікі. Трэба перастаць баяцца, у нашых дзеяннях няма нічога супрацьзаконнага. Паводле заканадаўства, падчас агітацыйнай кампаніі мы маем права крытыкаваць праграмы кандыдатаў у прэзідэнты, так што дзейнічаем мы ў рамках закона, таму ні ў які суд я не пайду. Няхай выклікаюць афіцыйнай позвай”.

Нагадайма, што гэты выклік у суд можа быць звязаны з пікетам, які 10 верасня адбыўся каля ўваходу ў ГУМ у цэнтры Мінска. У акцыі разам са Статкевічам удзельнічалі Уладзімір Някляеў і Анатоль Лябедзька. Яны заклікалі ўлады правесці сапраўдныя свабодныя і дэмакратычныя выбары. Супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол за несанкцыянаваны пікет, але Статкевіч і Някляеў адмовіліся яго падпісаць.