Статкевіч аштрафаваны на 7,2 млн. рублёў за правядзенне пікета каля ГУМа

 Мікалай Статкевіч аштрафаваны на 40 базавых велічынь (7,2 млн. рублёў) паводле ч. 2 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання). Такое рашэнне прыняў 22 верасня суд Цэнтральнага раёна Мінска. Гэта максімальны штраф згодна з гэтым артыкулам.



statkevich_rupor_245.jpg

Пікет "За сумленныя і свабодныя выбары" з удзелам былога палітзняволенага Мікалая Статкевіча прайшоў 10 верасня каля ГУМа. Тады ж ў дачыненні да яго склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. 
Статкевіч сёння на судзе не прысутнічаў, бо даведаўся аб ім толькі напярэдадні, вярнуўшыся ў Беларусь з-за мяжы. У размове з карэспандэнтам БелаПАН па дарозе з нацыянальнага аэрапорта Мінск вечарам 21 верасня Статкевіч расказаў: "Еду з аэрапорта і атрымліваю СМС на тэлефон, што суд Цэнтральнага раёна Мінска запрашае мяне ўжо заўтра а дзясятай гадзіне на працэс наконт пратакола, складзенага на мяне 10 верасня. Там няма ні зваротнага тэлефона, нічога. Падумаў, хакеры нейкія. Праз гадзіну атрымаў званок на мабільны тэлефон, пачынаюць гаварыць тое ж самае. Я кажу, што не ведаю, хто вы такі, чаго я туды пайду, тым больш што і мой адвакат на гэтым тыдні заняты. Да таго ж, згодна з законам, і тэрміны ўстаноўленыя, за колькі дзён трэба запрашаць у суд. Я сказаў, што не прыйду, дасылайце позву. Кажуць, што даслалі, але я яе не атрымліваў".
Каментуючы БелаПАН сённяшняе рашэнне аб штрафе, Статкевіч іранічна назваў яго "чарговым праяўленнем "дэмакратычнасці і законнасці" беларускага суда". "Без уручэння позвы, без адваката, без адказчыка, без правапарушальніка ў адзіночку збіраюцца самі з сабой і выносяць нейкія рашэнні. Яны і далей могуць гэтым займацца, а я буду займацца сваёй справай, працаваць для дэмакратыі ў Беларусі, у тым ліку і для таго, каб у Беларусі з'явіўся нармальны суд, які заслугоўвае даверу грамадзян, адпавядае рэальным прававым нормам, а не працуе паводле прынцыпу "чаго жадаеце", — заявіў палітык. 
На думку Статкевіча, гэты суд наладжаны для таго, "каб напалохаць людзей, якія збіраюцца прыйсці 23 верасня на плошчу Свабоды на сустрэчу выбаршчыкаў". "Мабыць, яны баяцца, што ўзровень страху ў грамадстве змяншаецца, што прыйдзе шмат людзей. Таму яны вырашылі спалохаць, але не мяне, а людзей. Я не баюся, і вы не бойцеся, колькі можна баяцца? Без страху жыць значна здаравей і больш прыемна. Смешна палохаць мяне, пасля ўсяго таго, што было. Я нядаўна палічыў, што правёў сем гадоў усялякіх відаў абмежаванняў, пачынаючы ад адміністрацыйных", — сказаў былы палітзняволены. 
Статкевіч заявіў, што мае намер абскардзіць рашэнне суда. "Буду абскарджваць. Таксама пагрызу ім крыху нервы", — сказаў палітык.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН