Сустракаюць па адзенні. Дрэс-код палітыкаў і смешныя выпадкі яго парушэння

Палітычны аналітык і былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19» расказвае пра тое, якія правілы знешняга выгляду прынятыя ў палітычным свеце, і прыгадвае выпадкі іх парушэнняў.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У прынцыпе, ключавое наконт таго, як апранацца, сказана яшчэ многія стагоддзі таму Шэкспірам: шый сукенку па магчымасці даражэй, але без задум — багата, але не кідка: па выглядзе часта судзяць чалавека. 

Гэта ўніверсальная парада амаль на ўсе дыпламатычныя выпадкі жыцця, але ёсць нюансы, і «амаль» — усё ж не азначае ўсё.  

Кідкія штаны 

Правілаў у дачыненні да знешняга выгляду мноства, але агульны сэнс можна звесці да таго, што адзенне павінна адпавядаць часу, месцу і характару падзеі. Любая неадпаведнасць або грэбаванне могуць быць прачытаныя як знак непавагі. І нават калі нічога падобнага не меркавалася нават у думках.

На маёй памяці быў неяк візіт у Швейцарыю дэлегацыі афіцыйных асоб з Беларусі. У кіраўніка дэлегацыі толькі ў самалёце знайшоўся час (або жаданне) пазнаёміцца з праграмай. Пра што ён адразу чыстасардэчна прызнаўся проста ля трапа, верагодна, прачытаўшы ў маіх вачах нямое пытанне, чаму ён у джынсах і швэдры, калі першае мерапрыемства па праграме — адразу па прылёце, а заезд у гатэль для адпачынку і пераапранання не прадугледжваецца да вечара. 

Давялося яму экстрана пераапранацца ў прыбіральні ВІП-залы Жэнеўскага аэрапорта, каб не парушыць пратакол у адзенні, значэнне якога гэты дэлегат, на шчасце, добра разумеў.

Амаль хрэстаматыйны прыклад на тэму грубага парушэння дрэс-кода датуецца летам 1997 года і звязаны з белымі штанамі і клубным пінжаком. Яны былі на першым віцэ-прэм'еры Расіі Барысе Нямцове, калі той сустракаў ва Унукаве прэзідэнта Азербайджана Гейдара Аліева, які прыбыў у РФ з афіцыйным візітам.


Барыс Нямцоў і Гейдар Аліеў. Фота: newbelarus.vision

Барыс Нямцоў і Гейдар Аліеў. Фота: newbelarus.vision

Такі лук крычаў пра непавагу да госця і краіны, якую ён прадстаўляе. 

Нямцоў, зразумела, ніякага сэнсу ў свой гардэроб не ўкладваў, але так ці інакш пагрэбаваў пратаколам. Аліеў не стаў ладзіць сцэн, хоць меў на тое ўсе падставы. Паводле легенды, прэзідэнт Азербайджана сказаў Нямцову, што калі б яны не былі сябрамі, то быў бы міжнародны скандал. А так быў толькі ўнутрырасійскі: апаненты Нямцова і прэса не маглі не скарыстацца такім праколам Барыса Яфімавіча і яшчэ доўга згадвалі яго белыя штаны.

Варта таксама спецыяльна абмовіцца, што ў візітаў ёсць свая градацыя. Беларуская пратакольная практыка дзеліць іх на афіцыйныя, рабочыя, праездам. Напрыклад, у Расіі, Кітаі і іншых краінах ёсць яшчэ і дзяржаўны візіт, які мае найвышэйшую катэгорыю. 

Розніца ў статусах візіту адлюстроўваецца на праграме, наборы ушанаванняў і ўвазе што аказваюцца госцю. Скажам, суправаджэнне картэжа ганаровым эскортам матацыклістаў — опцыя, даступная толькі для дзяржаўных і афіцыйных візітаў. У цэлым у выпадку афіцыйнага, а тым больш дзяржаўнага — набор ушанаванняў і цырымоній максімальны. Адпаведна, і набор пратакольных патрабаванняў таксама. 


Глядзіце таксама

Іншымі словамі, калі б Аліеў быў у Маскве праездам, а не з афіцыйным візітам, то ў белых штаноў Нямцова, хутчэй за ўсё, не было б шанцу трапіць у гэты «Пульс» і ў гісторыю таксама. 

Яшчэ адзін элемент гардэроба, які мае патэнцыял сапсаваць «свята», — гэта неахайны знешні выгляд. 

Здаецца, што для высокапастаўленых службовых асоб такое недапушчальна. Па стане на цяпер можна лічыць, што гэтую хваробу ў беларускіх вярхах ужо перамаглі — прыкладна як масавая вакцынацыя адолела воспу. Аднак на світанку незалежнасці Беларусі, калі краіна і яе прадстаўнікі рабілі першыя міжнародныя крокі, праблема пакамячаных афіцыйных асоб і іх касцюмаў таксама была.

У мемуарах Станіслава Шушкевіча «Маё жыццё. Крушэнне і ўваскрашэнне СССР» ёсць уражанні жонкі пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН у Нью-Ёрку Юліі Бураўкінай пра першы візіт беларускай дэлегацыі ў ЗША ў ліпені 1993-га. Яна разам з мужам сустракала дэлегацыю ў аэрапорце і апісвала гэта так: адчыняюцца дзверы самалёта і адтуль «вывальваюцца нашы. Яны не галіліся двое сутак, твары апухлыя. А штаны якія! Непрасаваныя, абвіслыя».

Такім чынам, штаны і афіцыйныя асобы з тых часоў больш-менш разгладзіліся. З чым па-ранейшаму ёсць складанасці, дык гэта з памерамі адзення. 

Загалоўны прыз у гэтай намінацыі сыходзіць па-за конкурсам Уладзіміру Сямашку за плашч і штаны навыраст, у якіх ён у 2008 годзе ў бытнасць віцэ-прэм'ерам суправаджаў лідара Лівіі Муамара Кадафі падчас візіту ў Беларусь. Сямашка, праўда, ужо на пенсіі, але праблемы з памерамі здараюцца нават у правадыра кіруючых элітаў нашай краіны. Падчас візіту ў Іран на пачатку мінулага года Лукашэнка быў злоўлены на залішне доўгіх штанах і цеснаватым пінжаку.


Уладзімір Сямашка і Муамар Кадафі. Фота: newbelarus.vision

Уладзімір Сямашка і Муамар Кадафі. Фота: newbelarus.vision

Фракі і фрыкі

Для афіцыйных міжнародных мерапрыемстваў у Беларусі — цырымоніі ўручэння даверчых грамат, інаўгурацыі, аўдыенцый у кіраўніка дзяржавы — дастаткова класічнага касцюма. У гэтага, хутчэй за ўсё, савецкія традыцыі. Хоць, у адрозненне ад савецкіх элітаў, цяперашнія постсавецкія увогуле паслухмяна выконваюць патрабаванні замежнага дрэс-коду. 

У Ельцына быў смокінг, а Пуцін, была справа, надзеў фрак на прыёме ў Букінгемскім палацы. У 1995-м на прыём ад імя пары Клінтанаў Лукашэнка апрануўся ў бабачку і смокінг, хоць усё гэта цяпер здаецца першым дзяржаўным фоташопам.


Аляксандр Лукашэнка на прыёме ў Клінтанаў. Фота: newbelarus.vision

Аляксандр Лукашэнка на прыёме ў Клінтанаў. Фота: newbelarus.vision

Лідары СССР, уключна з Гарбачовым, такіх ператварэнняў сабе не дазвалялі. Перакладчык і дыпламат Віктар Суходраў у сваіх мемуарах «Язык мой — сябар мой» згадвае, як у першы вечар візіту Хрушчова ў ЗША Эйзенхаўэр даў афіцыйны абед. Форма адзення прадугледжвалася адпаведная: фрак, белы гальштук-бабачка. 

«Гэта, вядома, вышэйшы клас пратакольнага адзення, — піша Суходраў, — усе амерыканцы менавіта так і былі апранутыя. Ну а нашы не тое, што белых, наогул ніякіх гальштукаў-бабачак не прызнавалі, а тым больш фракаў. У смокінг, памятаю, апрануўся толькі пасол. Так і вызначаліся на абедзе: калі пры звычайным гальштуку, у цёмным касцюме, значыць — рускі, калі ў фраку з белай бабачкай, значыць — амерыканец, а калі з чорнай бабачкай — гэта афіцыянт».

Тут якраз крыецца тлумачэнне тых сітуацый, калі нават адна няправільная дэталь у гардэробе можа прывесці да прыкрых непаразуменняў. У мемуарах Пятра Краўчанкі «Беларусь на ростанях, або Праўда пра Белавежскае пагадненне. Запіскі дыпламата і палітыка» ёсць аповед пра тое, як паэта Андрэя Вазнясенскага ў 1962 годзе запрасілі на прыём ад імя прэзідэнта ЗША Джона Кэнэдзі. У запрашэнні гаварылася, што прыйсці трэба ў фраку. Яго Вазнясенскі ўзяў напракат, але ўвесь вечар госці звярталіся да яго як да лёкая. 

Чаму? Памыліўся з колерам бабачкі.

Многія ўспаміны Суходрава датычацца нашага земляка Андрэя Грамыкі, вонкавае аблічча якога нельга сабе ўявіць не дзелавым. 

Пераходзім на Кубу. Фідэль Кастра вырашыў зладзіць нефармальную вячэру для савецкай дэлегацыі. Кубінцы падкрэсліваюць, што вячэра будзе зусім неафіцыйнай, чыста сяброўскай. Кастра спецыяльна агаворвае, што ніякіх гальштукаў і касцюмаў, а толькі кароткія кашулі і летнія штаны. 

Моцная спякота, але Грамыка ўсё роўна апранаецца ў цёмны ваўняны касцюм і гальштук. Суходраў угаворвае яго надзець нешта лягчэй, і ў рэшце рэшт той згаджаецца на «кампраміс»: здымае пінжак, кашуля і гальштук застаюцца, а на іх ён апранае кароткую куртку (!), зашпільваючы яе да вузла гальштука.

Паводле слоў Суходрава, для Грамыкі гэта была найвышэйшая ступень вольнасці ў адзенні.


Глядзіце таксама

Прадстаўнікі заходніх элітаў таго часу падавалі іншы прыклад. «Бацька сучаснай Канады» і цяперашняга канадскага прэм'ер-міністра Джасціна Трудо, вядомага сваёй «шкарпэткавай дыпламатыяй», П'ер Трудо таксама адрозніваўся неардынарнасцю ў адзенні. Будучы прэм'ер-міністрам Канады ў 1971 годзе, ён прыехаў у СССР, дзе на пару з жонкай навёў модны шолах.

Візіты ў тую пару былі шматдзённымі, ўключалі заезды ў савецкія рэспублікі. Менавіта так, напрыклад, прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан пабываў у БССР. Трудо ў парадку, так бы мовіць, культурнай праграмы наведваў Узбекістан. Быў май, там ужо было горача. Канадзец надзеў лёгкія светлыя штаны, сандалі на босую нагу, квяцістую кашулю з кароткімі рукавамі, а на шыю павязаў шаўковую хустку.


Рычард Ніксан ва Узбекістане. Фота: newbelarus.vision

Рычард Ніксан ва Узбекістане. Фота: newbelarus.vision

Самалёт садзіцца ў Самаркандзе. «Ля трапа з'яўляецца шарэнга людзей — усё як адзін у чорных касцюмах, белых кашулях са змрочна-цёмнымі гальштукамі, а на галаве ў кожнага — капялюш, — піша Суходраў. — Гэта былі бацькі горада. Адчыніўся люк самалёта, і Трудо адным з першых літаральна збег па трапе. А людзі ў чорным працягвалі глядзець у адчынены люк у чаканні, калі ж з'явіцца прэм'ер-міністр Канады».

Часам падобнага роду неспадзяванкі, якія выклікаюць ўсмешку, задаюць добры тон адносінам.

Біць чалом і адыходзіць

На гэтую тэму ёсць практычна легендарная гісторыя першай аўдыенцыі першага амбасадара ЗША ў Саудаўскай Аравіі Джэймса Чайлдза ў заснавальніка каралеўства — караля Абдэль Азіза. Гэта канец 1940-х. 

Да аўдыенцыі Чайлдз атрымаў у падарунак ад караля традыцыйнае арабскае адзенне, у якім яго чакалі ў палацы ў Эр-Рыядзе. Напярэдадні каралеўскі кравец зняў з пасла мерку і сшыў для яго белую кашулю да падлогі, якая апранаецца як сукенка праз галаву (тоба), хустку для пакрыцця галавы (куфія) і шнур, якім гэтая хустка ўтрымліваецца (ікаль).

Згодна з правіламі, да манарха нельга паварочвацца спінай. Сыходзіць напрыканцы сустрэчы варта, адступаючы назад. Такія ж рэкамендацыі, дарэчы, і ў Букінгемскага палаца. З Чайлдзам гэтае правіла адыграла злы жарт. 

Уручыўшы даверчыя граматы каралю, Чайлдз заблытаўся ў складках тоба, калі пачаў адыходзіць назад і ў выніку ўпаў на спіну. Тым не менш, павага традыцый саудаўскага двара амерыканскім паслом, а ён апранаўся ў тоба кожны раз, калі сустракаўся з каралём, у выніку зацямніла дапушчаную нязграбнасць.

Як піша Элен Уолд у кнізе «SAUDI, INC. Гісторыя пра тое, як Саудаўская Аравія стала адной з самых уплывовых дзяржаў на геапалітычнай карце свету», у Чайлдза з Абдэль Азізам склаліся даверлівыя адносіны. Калі падышоў да канца тэрмін яго місіі ў Саудаўскай Аравіі кароль нават завіхаўся па дыпканалах у Вашынгтоне аб яе падаўжэнні, што, наогул кажучы, беспрэцэдэнтна.

Пратакол аўдыенцый у саудаўскага манарха з тых часоў, наколькі можна меркаваць, крыху спрасціўся. Прынамсі, паслы Беларусі, якія ўручалі даверчыя граматы каралю Саудаўскай Аравіі, не пераапраналіся для гэтага ў арабскае адзенне.

Цырыманіял уручэння даверчых грамат у Беларусі, нягледзячы на амаль манархічны тэрмін кіравання Лукашэнкі і магчымую спадчыну трона, не патрабуе ад гасцей беларускай вышыванкі, а таксама фрака або візітоўкі, як у Лондане, Ватыкане і не толькі.

Афіцыйны Мінск вітае нацыянальныя касцюмы замежных дзяржаў, але згодны, як ужо гаварылася вышэй, і на строгі класічны. 

А яшчэ ён не забараняе замежным амбасадарам паказваць кіраўніку дзяржавы спіну. Трэба сказаць, што пасля 2020-га частка з іх гэтым скарысталася па палітычных, а не пратакольных матывах, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.