Сустрэча кантактнай групы па Данбасу пройдзе ў Мінску вечарам

Сустрэча трохбаковай кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ з удзелам сепаратыстаў плануецца сёння ўвечары ў Мінску.



sustrecza_kantaktnaj_hrupy.jpg

«Мы займаемся арганізацыяй работы кантактнай групы ў цяперашні момант, — паведаміла БелаПАН намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Марыя Ваньшына. — Інфармацыя пра месца і час правядзення будзе вядомая пасля 16.00».
Напярэдадні ў Берліне адбылася сустрэча прадстаўнікоў МЗС краін «нармандскай чацвёркі» (Германія, Францыя, Украіна, Расія). Перамовы праходзілі ў закрытым рэжыме. Перад пачаткам сустрэчы афіцыйны прадстаўнік МЗС ФРГ Марцін Шэфер папярэдзіў журналістаў, што інфармацыя аб яе змесце распаўсюджвацца не будзе.
Як паведаміў па выніках сустрэчы амбасадар Украіны ў ФРГ Андрэй Мельнік, перамовы ў Берліне былі цяжкімі. «Толькі што скончыліся васьмігадзінныя цяжкія перамовы ў Берліне з некаторымі адчувальнымі вынікамі для сустрэчы лідэраў дзяржаў у нармандскім фармаце ў Мінску», — напісаў дыпламат у Twitter.
Сустрэча лідэраў Украіны, Расіі, Германіі і Францыі па ўкраінскім пытанні запланавана ў Мінску на 11 лютага. Дамоўленасць аб яе правядзенні была дасягнута 8 лютага падчас тэлефоннай канферэнцыі з удзелам Пятра Парашэнкі, Уладзіміра Пуціна, Ангелы Меркель і Франсуа Аланда.
Крыху пазней у той жа дзень Пуцін удакладніў: сустрэча ў нармандскім фармаце 11 лютага адбудзецца, «калі да таго часу атрымаецца ўзгадніць шэраг пазіцый». Аналагічную заяву зрабіў ўвечары 8 лютага і прадстаўнік Кіева. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Валерый Чалы на сваёй старонцы ў Facebook удакладніў: сустрэча ў нармандскім фармаце ў Мінску магчымая толькі ў выпадку яе паспяховай падрыхтоўкі.