Святлана Ціханоўская абвясціла аб узяцці паўнамоцтваў прадстаўніка беларускага народа
Святлана Ціханоўская заявіла аб узяцці на сябе адказнасці абараняць незалежнасць і нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Аб гэтым гаворыцца ў сённяшняй заяве, распаўсюджанай яе Офісам.

«Лукашэнка і яго рэжым цалкам падзяляюць з прэзідэнтам Расіі адказнасць за гэтую вайну. Нелегітымны кіраўнік Беларусі ўвёў замежныя войскі і зрабіў нашую краіну непасрэдным удзельнікам канфлікту. Гэта дзяржаўная здрада і здрада інтарэсам нашага народа і беларускай дзяржавы. Такім чынам Лукашэнка не можа лічыцца гарантам незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі», — гаворыцца ў заяве.
«Я, Святлана Ціханоўская, на аснове паўнамоцтваў, дадзеных мне беларускім народам у выніку прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, бяру на сябе адказнасць з сённяшняга дня адстойваць незалежнасць і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь. Я буду выконваць абавязкі прадстаўніка беларускага народа і гаранта ягоных правоў і свабодаў да новых выбараў», — заявіла яна.
Святлана Ціханоўская стварае пераходны кабінет «як нацыянальны орган улады Рэспублікі Беларусь», адзначаецца ў паведамлені.