Святлана Ціханоўская правяла званкі з актывам рабочых і медыкаў

«Рэжым планамерна стварае ўмовы для забастовак».

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская правяла званкі з актывам рабочых і медыкаў. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале палітыка.


Званок з рабочымі


Рабочыя распавялі, што па ўсёй краіне ідуць скарачэнні заробкаў, масавыя рэпрэсіі і звальненні работнікаў прадпрыемстваў — гэта значыць, рэжым сам падводзіць людзей да забастовак. У сваю чаргу страйкамы, напрыклад, на «Гроднаазот», запускаюць працэдуру калектыўнай працоўнай спрэчкі, каб адстойваць калег і супрацьстаяць незаконным звальненням.
«Рабочы рух» сабраў спісы адміністрацый прадпрыемстваў, якія рэпрэсуюць работнікаў, — яны будуць перададзеныя да дадання ў санкцыйныя спісы. Таксама актывісты распавялі, што адміністрацыі імкнуцца падладжвацца і абыходзіць уведзеныя санкцыі. Але з новымі, сектаральным санкцыямі, іх магчымасці будуць вычарпаныя.

Званок з медыкамі


Ціханоўская распавяла вынікі апошніх візітаў:
— У Чэхіі дамовіліся аб пашырэнні праграмы рэабілітацыі рэпрэсаваных і параненых і абмеркавалі магчымасці прыезду сем'яў палітвязняў на рэабілітацыю.
— У Германіі на сустрэчы з дзяржміністрам Меркель распавялі пра запушчаны беларусамі праект тэлемедыцыны — платформу «еЗДОРОВЬЕ», дзе можна атрымаць кансультацыю ўрача анлайн.
— У Германіі ёсць пакет падтрымкі для рэпрэсаваных і пацярпелых, якія знаходзяцца ў Беларусі (у тым ліку, медыкаў), і ён пачаў рэалізоўвацца.
Лекары распавялі пра новую хвалю масавых звальненняў, чорныя спісы Міністэрства аховы здароўя і звальненні «за прагулы» — пасля ўступлення ў сілу новага закона Працоўнага кодэкса адбыванне адміністрацыйнага арышту не з'яўляецца паважнай прычынай няяўкі на работу.
Наступствы рэпрэсій катастрафічныя для ўсёй краіны: лекараў не хапае ўсюды. Таму ўжо цяпер трэба пачынаць рыхтаваць праект будучай рэформы, якая дапаможа выратаваць медыцыну Беларусі.