Святлана Ціханоўская расказала кангрэсменам ЗША пра справу Аляксея Кудзіна
Святлана Ціханоўская расказала кангрэсменам ЗША гісторыю беларускага байца ММА Аляксея Кудзіна, паведамляе яе прэс-служба.
У Кангрэсе ЗША Ціханоўскую віталі кангрэсмены Грэгары Мікс і
Майкл Макоўл — прадстаўнікі Камітэта па міжнародных адносінах. Яны
абмеркавалі, чым ЗША могуць дапамагчы беларусам, а таксама кропкавыя і
сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
Ціханоўская падзялілася з імі гісторыяй спартсмена Аляксея
Кудзіна, якому пагражае суд па абвінавачанні ў супраціве міліцыянтам падчас
пратэстаў 2020-га. Спартсмен прасіў палітычнага прытулку ў Расіі, але быў
выдадзены ў Беларусь. «Насуперак рашэнню ЕСПЧ Расія таемна выдала рэжыму
Аляксея Кудзіна, якога дома чакаюць жонка і пяцёра дзяцей. Хоць менавіта ўчора
яго павінны былі выпусціць на волю пасля заканчэння максімальна дапушчальнага
6-месячнага тэрміну ўтрымання пад вартай», — распавяла Ціханоўская.
Яна падкрэсліла, што Кудзін не заслужыў ні крымінальнага
пераследу, ні экстрадыцыі. «Як і тысячы без віны затрыманых людзей, ён
павінен выйсці на волю», — канстатавала Ціханоўская.
Паводле «Еўрарадыё».