Святлана Ціханоўская выступіла ў Каралеўскім аб'яднаным інстытуце абаронных даследаванняў

У сваім выступе Святлана нагадала пра Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту і распавяла аб пабудаваным (але ўжо разабраным) у Мінскай вобласці лагеры для пратэстуючых як сігнале, што не ўсе ў Беларусі вывучылі важны гістарычны ўрок.

photo_2020_12_10_22_34_52.jpg

«Ніколі больш у Беларусі не павінна быць 221 палітвязняў. Ніколі больш ніхто не павінен баяцца выказваць сваё меркаванне і адстойваць свае правы. Больш ніколі».
Таксама Ціханоўская заклікала ЕС, Вялікабрытанію, ЗША і Канаду пашырыць санкцыі, расследаваць злачынствы рэжыму, прызнаць АМАП і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі, дапамагчы беларусам у атрыманні еўрапейскіх вакцын і спрыяць дыялогу аб новых свабодных і справядлівых выбарах.
Пасля Святланы Ціханоўскай выступаў Уладзімір Астапенка — адказны ў НАУ за шматбаковую дыпламатыю. У сваім звароце ён падкрэсліў небяспеку так званага Усебеларускага народнага сходу, які можа быць выкарыстаны ў якасці шырмы для падмены сапраўднага голасу беларусаў.
Таксама Астапенка распавёў аб агульным плане дэмакратычных сіл, які накіраваны на падтрымку пратэстнага руху і ахвяр масавых рэпрэсій, узмацненне палітычнага і эканамічнага ціску на рэжым, далейшую мабілізацыю міжнароднай супольнасці па абароне фундаментальных правоў і свабод чалавека ў Беларусі і стварэнню ўмоў для арганізацыі інклюзіўнага дыялогу з мэтай выхаду з палітычнага крызісу праз правядзенне новых прэзідэнцкіх выбараў.