Тэлефоны журналістаў TUT.by слухалі да таго, як з’явілася «справа БелТА»

Калі супаставіць даты, атрымліваецца, што тэлефоны праслухоўваліся яшчэ ў сакавіку.

my_tyrim.jpg


Пра тое, наколькі законна публікаваць матэрыялы следства да вынясення прысуду, мы цяпер разважаць не будзем. Зробім тое, што не зацікавіла “аддзел журналісцкіх расследаванняў” “СБ” ― супаставім даты. Але па чарзе.
“Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БЕЛТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступу да платнай падпіскі паслуг, якія падаваліся тэлеграфным агенцтвам аднаго з яго заказчыкаў. Супрацоўнікі МУС пачалі праверку і выявілі шматлікія факты неправамернага доступу да камп’ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з'яўляецца БЕЛТА”, ― чытаем у матэрыяле СБ тлумачэнні кіраўніка прэс-службы Следчага камітэта Сяргея Кабаковіча.
Значыцца, праслухоўваць тэлефоны журналістаў TUT.by пачалі пасля таго, як да праваахоўнікаў звярнулася кіраўніцтва БелТА і была распачатая праверка. Калі гэта было? У Следчым камітэце Еўрарадыё так і не далі адказ як на пытанне, калі была распачатая крымінальная справа, так і на пытанне, калі ў міліцыю прыйшоў зварот ад БелТА.
На другое пытанне адказ дае галоўны рэдактар БелТА Ірына Акуловіч. Хоць і называе даволі прыблізную дату.
“Гэта быў альбо канец красавіка, альбо пачатак траўня. Я баюся назваць вам не тую лічбу і потым апынецца, што я дала вам няверную інфармацыю”, ― кажа Ірына Акуловіч.
Галоўным рэдактарам БелТА Ірына Акуловіч становіцца на пачатку красавіка 2018 года. Можа, звароты з боку карыстальнікаў платнай стужкай навін інфармагенцтва наконт праблем з доступам былі да яе прыходу? Не, кажа Ірына Акуловіч, звяртацца карыстальнікі пачалі пасля яе прыходу на пасаду галоўнага рэдактара.
Добра, і гэтага пакуль дастаткова. Цяпер удакладняем у галоўнага рэдактара TUT.by Марыны Золатавай, калі адбывалася тая размова наконт “тырым”.
“Размова была ў сакавіку”, ― коратка адказвае Золатава.
А цяпер супаставім тэрміны: запісаная з дапамогай праслушкі размова была ў сакавіку, а зварот у міліцыю і, адпаведна, праверка выкладзеных там фактаў супрацоўнікамі МУС ― у канцы красавіка-пачатку траўня. Розніца як мінімум у месяц! Выбачайце, а на якой падставе, у межах якой крымінальнай справы ці праверкі вялася праслушка тэлефонных размоў журналістаў TUT.by?
Юрыст Павел Сапелка не выключае, што праслушку маглі весці ў межах “аператыўнай распрацоўкі”. З якой нагоды і хто ― адказу няма.
Як стала вядома Еўрарадыё, хоць у “СБ-Беларусь сегодня” аўдыёзапіс і перадалі яны, але сам запіс быў зроблены не супрацоўнікамі СК. Міліцыя ў сакавіку праверку па звароце БелТА яшчэ не праводзіла і, хутчэй за ўсё, размову журналістаў не праслухоўвала.
Калі зыходзіць з таго, што санкцыю на праслухоўванне тэлефонных размоў журналістаў у нас можа, апроч пракуратуры, даць асабіста старшыня альбо СК, альбо КДБ, то здагадацца, адкуль тырчаць вушы не складана.
Раніцай 7 жніўня Следчы камітэт праводзіць першыя публічныя дзеянні ў межах так званай “справы БелТА”. Пачынаюцца вобшукі ў рэдакцыях партала TUT.by і БелаПАН, затрымліваюцца рэдактары і журналісты гэтых медыя. А ўжо вечарам гэтага ж дня ў газеце прэзідэнцкай адміністрацыі “СБ-Белорусь сегодня” з’яўляецца матэрыял на тэму “крадзяжу матэрыялаў з платнай падпіскі БелТА” з пацвярджэннем “злачынства” ― аўдыёзапісам “праслушкі” размовы журналістаў TUT.by. Менавіта ў тым запісе гучаць словы “Так, мы тырым”
Паводле БАЖ