«Толькі адзін не зрабіў для сабе ніякіх высноў з сумнай гісторыі дзевяці каралёў»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» абмяркоўвае падарунак Пуціна ўдзельнікам саміту СНД і адзначае, што з часоў Другой эпохі людзі ўсё-ткі нечаму навучыліся. Але не ўсе.
Ведаеш, чым, па-мойму, больш за ўсё характэрная гісторыя пра дзевяць прэзідэнцкіх пярсцёнкаў? Тым, што з часоў Другой эпохі людзі ўсё-ткі нечаму навучыліся: не трэба соваць пальцы ў пярсцёнкі, якія табе дорыць які-небудзь Валадар. Прынамсі, большасць людзей навучылася.
Усё-ткі восем з дзевяці патэнцыйных пярсцёнканосцаў свае пярсцёнкі надзяваць не сталі. І толькі адзін не зрабіў для сабе ніякіх высноў з сумнай гісторыі дзевяці каралёў. Надзеў пярсцёнак і нават гэтым пахваліўся. Але гэта ў агульным нармальны вынік. Заўсёды ж ёсць людзі, няздольныя да навучання. Хоць дзеля яго аднаго не варта, мне здаецца, нават марнавацца на пярсцёнкі. Яму і без пярсцёнка падзецца няма куды.
І ты заўважыла, што так адбываецца з усімі расійскімі планамі. Гэта значыць планы ў расійскіх улад добрыя, толькі ўвесь час ламаюцца. Я вось не буду нават казаць цяпер пра план узяць Кіеў за тры дні.
Але пасля яго ж было шмат розных іншых планаў. Напрыклад, ракетнымі абстрэламі выключыць па ўсёй Украіне святло, каб Украіна пачала прасіць міру. І гэты план нават спачатку часткова працаваў. У сэнсе адключэння святла. Толькі аб міры вось чамусьці ніхто так і не папрасіў. А пасля другога запар адвольнага самазагарання абломкаў на аэрадроме стратэгічнай авіяцыі план па абстрэлах таксама, мабыць, прыйдзецца карэкціраваць.
Ці вось быў глыбока стратэгічны план замарозіць Еўропу. Каб праз падаражэлы газ дрыготкая ад холаду Еўропа на каленях прыпаўзла да крамлёўскага ўладара каяцца. І вось літаральна ўчора цана на газ упершыню за гэты год упала да перадваеннага мінімуму, а запасы газу ў сховішчах, наадварот, выраслі. Гэта значыць, дрыжаць і каяцца ніхто, мабыць, не збіраецца.
Цяпер ёсць новы план — пакінуць без расійскай нафты краіны, якія будуць прытрымлівацца ўстаноўленай ЕС коштавай столі. І ў гэтага плана, у адрозненне ад іншых, ёсць, мабыць, усе шанцы спрацаваць пры поўным непраціўленні бакоў. З пачатку снежня без усялякіх расійскіх забарон пастаўкі расійскай нафты ва ўмоўна нейтральную Турцыю ўпалі амаль на 90 працэнтаў.
Увогуле, калі ў саюзнікаў ёсць план якога-небудзь прарыўнога сумеснага наступу, то малодшаму з іх было б варта добранька падумаць, перш чым у яго ўвязвацца. Бо калі ўляпаешся, то ніякі чароўны пярсцёнак не дапаможа. Хоць, як мы пераканаліся ў гісторыі з пярсцёнкамі, некаторыя людзі нічому не здольныя навучыцца і ніякіх высноў рабіць не ўмеюць.