Трэшачок тыдня. Як шпіц у Самаркандзе перасягнуў свайго гаспадара-аўтсайдара

Чарговы тыдзень мінае — чарговага паноптыкуму вам у стужку. Прабачце, але сёння будзе шмат Лукашэнкі. Нічога незвычайнага: менавіта ён, усё больш адарваны ад рэальнасці, генеруе сама шмат казачнага крынжу.

photo_2022_09_17_14_03_30_1.jpg

На саміце ШАС Лукашэнка так і не сустрэўся з Пуціным


Пасярод тыдня Лукашэнка наведаў Самарканд, дзе прыняў удзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Прапаганда гула: вось, маўляў, Беларусь стане чальцом ШАС, гэта значыць, нас паважаюць, мы далучымся да шэрагаў, якія супрацьстаяць праклятаму Захаду.

Гэта ўдалося: адносна беларускай дзяржавы ва Узбекістане запусцілі працэдуру далучэння да ШАС. Аднак гэта ад самага пачатку бачылася фармальнасцю, і мала хто трактуе падзею як нейкі прарыў. Ну, ШАС і ШАС. Грошай за гэта больш не дадуць, санкцыі не здымуць, у вайне з Украінай не дапамогуць.

Іншая справа, што падчас саміту Лукашэнка планаваў правесці перамовы з лідарамі, якія там прысутнічалі. Галоўнай разынкай тут анансавалася сустрэча з Пуціным, але… Сустрэчы так і не адбылося.

Чаму? Можна будаваць розныя версіі, але факт застаецца фактам. Афіцыйны Мінск хацеў чарговы раз зліцца ў экстазе з Масквой, інакш прапаганда б не трубіла пра будучыя перамовы. А не выйшла. Відаць, Пуцін не палічыў патрэбным.

У выніку праграма двухбаковых сустрэч на саміце ў Лукашэнкі атрымалася досыць куртатая. Ні Эрдаган з Турцыі, ні Такаеў з Казахстана, ні Аліеў з Азербайджана і тым больш Модзі з Індыі так і не прыселі на адным палітычным полі з беларускім правадыром. Хаця той яўна не адмовіўся б.

Таму адзінае, чаго дасягнуў Лукашэнка ў Самаркандзе, гэта кароткая размова са старшынём КНР Сі. Калі б яшчэ той ухіліўся, выйшаў бы зусім правал.

Адметна, што і Пуціна на саміце не надта паважылі. Эксперты заўважылі, што прэзідэнту Расіі прыйшлося літаральна апраўдвацца за вайну перад Кітаем і Індыяй — на фоне санкцый галоўнымі гандлёвымі партнёрамі РФ. Яго вінаваты лопат, са спробамі перавесці стрэлкі на Украіну, наўрад ці надта ўразілі суразмоўцаў.Ну а расстаноўку сіл на саміце добра ілюструе фота, на якім за сталом гаспадарыць Эрдаган, а Пуцін з Лукашэнкам, падціснуўшы ногі, сядзяць на канапцы і глядзяць турэцкаму палітыку ў рот. У савецкай камедыі гэта называлася: «Федзя, ты чаго там месцішся каля нырак?».


f6f47b1416a957792fe679ff43aa9bda.jpeg


Карацей, зараду бадзёрасці і аптымізму Лукашэнка ва Узбекістане не атрымаў. Адрозна ад свайго шпіца, якога прыдворныя халуі выкатвалі на шпацыр на адмысловым вазку.
Невядома, праўда, ці дазволілі кіраўнікі краін ШАС сабачку вячэраць з імі за адным сталом, як гэта здараецца ў Беларусі. Але гэта дробязь у параўнанні з тым непрыхаваным клопатам, які атачае жывёлінку з боку набліжаных да яго гаспадара. Гэта, канечне, яшчэ не конь Калігулы, якога той прызначыў сенатарам, але кірунак абраны цалкам аналагічны.

Сякера пры дровах: дырэктыўны флешмоб пасля няўклюднага выступу галоўнага дрывасека

Калядаваць на трэшачковай ніве Лукашэнка пачаў яшчэ да візіту ў Самарканд. У сераду яго прэс-служба выпусціла неспадзяванае відэа, на якім той коле дровы ў кампаніі з бізнесоўцам Цяцерыным.

1066840224_0_0_1280_720_1920x0_80_0_0_ba8cabd4f9078814287eeea73fd18ba2.jpg

Што бачна на відэа? Двое немаладых таўстуноў, пыхкаючы, спрабуюць рассекчы кожны сваю даўбешку. Што ўбачыла ў гэтым прапаганда? Канечне ж, казённы крэатыў, які «можам паўтарыць».
У наступныя дні ў сацсетках пачалі множыцца відосы на тую ж тэму. Рознага кшталту бюджэтнікі і бюджэтніцы гэтаксама секлі цурбаны, рызыкуючы паламаць абцасы, парваць панчохі і сапсаваць стылёвыя фрызуры з начосам. Падавалася ўсё як «адзіны народны парыў», але даволі хутка выявілася, што няхітры крынжовы флешмобчык быў арганізаваны ідэолагамі ў добраахвотна-прымусовым парадку.


Гледзячы на Лукашэнку з сякерай, сацсеткі кпілі, маўляў, трэніруецца перад будучай адпраўкай на лесапавал. Аднак «афіцыйна» той калоў дровы, нібыта каб не даць змерзнуць Еўропе. Што на Захадзе такім чынам ужо амаль ніхто не абаграецца, чалавеку, што вырас «у вёсцы з мужыкамі», мусіць, ніхто не падказаў. Як і тое, што дровы лепей адправіць у Расію, дзе газу шмат, а добрая траціна краіны не газіфікавана і якраз грэецца ад печы. Над горадам-мільённікам Краснаярскам, куды ўсё ніяк не пракладуць газавую трубу, узімку праз тое павісае густы смог.

Беларусь і іншыя краіны-ізгоі спрабавалі не даць Зяленскаму выступіць на Генасамблеі ААН

image1170x530cropped_9.jpg


Пра гэта «НЧ» згадваў літаральна надоечы. Прэзідэнт Украіны з вядомых прычын не можа прыняць удзел у 77-й сесіі Генасамблеі, то ААН прапанавала ў парадку выключэння паслухаць яго дыстанцыйна. Прагаласавалі — падаўляльнай большасцю дазволілі.
Супраць Украіны ўзнялі рукі сем краін — Расія са сваім сатэлітам Беларуссю, а таксама Паўночная Карэя, Эрытрэя, Нікарагуа, Сірыя і Куба. Кітай і Іран устрымаліся, Казахстан і Індыя падтрымалі Зяленскага. А нехта пахваляецца сваімі саюзніцкімі зносінамі з Пекінам і Дэлі, і, падграбаючы іх у свой лагер, кажа, што на баку Расіі ў вайне — большасць чалавецтва.
Зразумела, гэта хлусня. Конь ды змяя — вось і ўся ваша сям’я, як казаў класік. КНДР, дзе ўлада ўзурпаваная спадчынным кланам Кімаў. Эрытрэя, дзе мясцовы дыктатар адбіраўся прэзідэнтам у 1993-м, а пасля неўзабаве выбары наогул адмяніў. Сірыя, дзе пасля старэйшага Асада кіруе Асад-сын, бясконца ваюючы і знішчаючы апанентаў. Куба, дзе балююць палітычныя нашчадкі Фідэля. Нікарагуа, дзе ўладу прыбраў фрыкаваты Артэга.
Добрае кола сяброў, чаго там. Несумненна, да 2020 года Лукашэнка б яшчэ падумаў, ці ўступаць у такі вузкі хаўрус і ўвогуле трымаўся б ад яго асобна. Але пасля фальсіфікацыі выбараў і катавальнага гвалту пры здушэнні пратэстаў анічога іншага яму не засталося.

Качанава хоча вярнуць характарыстыкі для абітурыентаў ВНУ

«Ісцінны лукашыст», «беспашчадзен да ворагаў рэжыму», «характар вытрыманы, нардычны»… Магчыма, так будуць выглядаць характарыстыкі, аб вяртанні якіх пры паступленні ў беларускія ўніверсітэты заявіла нікім ніколі не абіраная «сенатарка» Наталля Качанава.
Тое, што пасля 2020 года рэжым пачаў арыентаваць краіну на самыя адыёзныя савецкія практыкі, даўно вядома. Барацьба з іншадумствам, з беларускай культурай, піянерыя са спяваннем гімна і іншыя заганныя методыкі падпарадкавання актыўна ўкараняюцца распараджэннем зверху. Вось, нарэшце, дайшлі да характарыстык. Фактычна да фільтрацыі моладзі па прыкмеце грамадзянскіх поглядаў. Падтрымліваеш Лукашэнку? Ведаеш словы гімна? Ненавідзіш Польшчу і Літву. То маеш права паступіць у БНТУ. Не падтрымліваеш? Нейтрал па-за палітыкай? Прапусціў суботнік на мінулым тыдні? Не, характарыстыку ты не заслужыў. Ідзі ў «хабзу», вучыся на сантэхніка.
Яны рэальна не ведаюць, што твораць, бясконца выслужваючыся перад кумірам.