У Кіеве лічаць, што канцэнтрацыя расійскіх войскаў у Беларусі недастатковая для нападу на Украіну
Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў заявіў, што рызыка наступу з тэрыторыі Беларусі цяпер ацэньваецца як найменшая, паведамляе «Укрінфарм».
«Наступ з беларускага боку мае найменшы ўзровень рызыкі. Мы ўважліва сочым за вучэннямі, якія пачаліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, вывучаем як з дапамогай выведкі, так і з адкрытых крыніц…
Таму магу з упэўненасцю вам сказаць: на сёння канцэнтрацыя расійскіх войскаў для вучэнняў у Беларусі такая, што іх недастаткова для правядзення якой-небудзь наступальнай аперацыі», — сказаў Рэзнікаў падчас брыфінгу ў Прыпяці.
Міністр дадаў, што Украіна знаходзіцца ў прамым кантакце са стратэгічнымі партнёрамі і факты наконт расійскіх войскаў у Беларусі цалкам супадаюць.
Раней генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заявіў, што Расія размясціла ў Беларусі сучаснае ўзбраенне і каля 30 тысяч вайскоўцаў. Паводле кіраўніка альянса, гэта найбуйнейшае разгортванне войскаў РФ у Беларусі з часоў «халоднай вайны».