У Літве размясцілі спэцназ ЗША з прычыны расейскай агрэсіі
Міністэрства абароны Літвы пацвердзіла агенцтву BNS звесткі, раней распаўсюджаныя New York Times: у краіне дыслакаваныя вайсковыя сілы спэцапэрацыяў ЗША.
Размяшчэнне амэрыканскіх вайскоўцаў ёсць «адным з захадаў стрымлівання і формай доўгатэрміновай супрацы з узброенымі сіламі ЗША», сцьвярджае Вільня, і вайскоўцы бяруць удзел у вучэннях і «прабудуць столькі, колькі таго патрабуе сітуацыя ў сферы бяспекі».
Гаворка вядзецца, паводле New York Times, пра «некалькі дзясяткаў» вайскоўцаў за апошнія месяцы ў Літве, а таксама Латвіі і Эстоніі. Амэрыканцы не ўтойвалі факт дыслакавання вайскоўцаў, Расія ведае пра гэта.
Кіраўнік дэпартамэнту дзяржбяспекі Літвы Дарыюс Яўнішкіс заявіў, што «дыслакацыя — гэта строгі адказ Расіі, які сведчыць пра тое, што NATO ды іншыя краіны не будуць мірыцца з расійскай агрэсіяй у гэтым рэгіёне». Пасля анэксіі Расіяй украінскага Крыму ў 2014 годзе ў краінах Балтыі было размешчана па роце вайскоўцаў ЗША; Літва, Латвія і Эстонія павялічылі выдаткі на абарону. Сёлета абарону краінаў маюць узмацніць шматнацыянальныя батальёны NATO.
У кастрычніку мінулага году праводзіліся вучэнні з улікам магчымых у Латвіі сітуацыяў, на іх адпрацоўваліся сцэнары, калі Расія выкарыстоўвала ў тым ліку беспілотнікі, кібератакі і маніпуляцыю СМІ.
Неўзабаве для 300 тысяч жаўнераў NATO, якіх маглі б накіроўваць у зону канфлікту ва Усходняй Эўропе ў выпадку агрэсіі Расіі, пэрыяд мабілізацыі будзе паскораны да двух месяцаў.
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітры Пяскоў заявіў, што Расія «не адчувае сябе ў бяспецы», калі сілаў NATO становіцца «больш і больш і бліжэй і бліжэй» да межаў Расіі. Потым і Уладзімір Пуцін заявіў, што сітуацыя яго «напружвае», а таксама што ў сувязі з пашырэннем NATO на ўсход Расія «мусіць ужываць контразахады, г.зн. ставіць пад удар ракетных сістэмаў тыя аб’екты, якія, на нашу думку, пачынаюць нам пагражаць». Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнберг параіў ім «расслабіцца і прыняць тое, што суседзі самі могуць выбіраць свой шлях».
Паводле svaboda.org