У Мінску затрымалі ўдзельнікаў акцыі пенсіянераў
У цэнтры Мінска 23 снежня прайшоў пазачарговы «Марш мудрасці» — акцыя пенсіянераў, што звычайна адбываецца ў панядзелкі.

Каля двух дзясяткаў чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі, парасонамі і стужкамі прайшлі па вуліцах Веры Харужай, Куйбышава і Кульман, скандуючы: «Жыве Беларусь!», «Свабоду нашым дзецям!» і «Фашызм не пройдзе!», паведамляе Радыё Свабода.

Адна з пастаянных удзельніц маршу паведаміла, што ў канцы акцыі на вуліцы Багдановіча пачаліся затрыманні.
«Бліжэй да парку Дружбы Народаў пад’ехаў белы бус і забраў меркавана трох чалавек. Забіралі тых, хто маладзейшы, у раёне 50 гадоў», — сказала яна.
Прозвішчы затрыманых і іх дакладная колькасць пакуль невядомыя.
Папярэдняя акцыя 21 снежня прайшла без загадзя абвешчанага месца збору, каб пазбегнуць затрыманняў.