У Смаргоні сарваны графік запісу на радыё выступаў кандыдатаў у дэпутаты

Пры рэгістрацыі кандыдатаў ў дэпутаты Смаргонскага райсавета было праведзена лёсаванне часу запісу выступаў на радыё. Пры гэтым раённая камісія паведаміла кандыдатам, што запіс будзе рабіцца ў Смаргоні.

mikrafon.jpg

Але напярэдадні пачатку запісу раённая камісія паведаміла кандыдатам, што Гарадзенская абласная камісія па выбарах прыняла рашэнне арганізаваць запіс выступаў на радыё ў абласным цэнтры. І не ў дні, вызначаныя лёсаваннем, а 7 лютага а 10-й гадзіне. Пры гэтым адначасова могуць прыехаць на запіс усе 28 кандыдатаў.
Калі на запіс 7 лютага ў Гародню прыедуць са Смаргоні адразу 28 кандыдатаў пры адведзеным ліміце запісу 30 хвілін на аднаго чалавека, то да апошняга чарга дойдзе недзе праз 12-13 (!) гадзін.
Магчыма такая ж сітуацыя складваецца і з запісам выступаў кандыдатаў з іншых раёнаў Гарадзенскай вобласці.
Тое, што амаль усе кандыдаты працуюць у бюджэтнай сферы або на дзяржаўных прадпрыемствах і пры наведванні абласнога цэнтра цягам дня ім будзе задарма выплачаны заробак, а то і камандзіровачныя выдаткі з кампенсацыяй праезду за 500 км. туды-назад, або яны мусяць браць адпачынак на дзень і ехаць за свой кошт, нікога не клапоціць.
Такім чынам, зацверджаны Смаргонскай раённай камісіяй па выбарах графік запісу выступаў афіцыйна не адменены, але цалкам сарваны. І каб рэалізаваць свае права на агітацыю, дзеля запісу 3-хвіліннага выступу кандыдатам у дэпутаты са Смаргоні, а то і іншых райцэнтраў вобласці абласной камісіяй па выбарах створаны цяжка пераадольныя перашкоды.
Зараз чакаецца рэагаванне ЦВК на дзеянні Гарадзенскай абласной камісіі па выбарах.
Паводле harodniaspring.org