У Оршы затрымалі Паўла Севярынца і незалежных журналістаў.

Пасля акцыі супраць «дэкрэту пра дармаедаў» у Оршы затрыманы сустаршыня БХД Павал Севярынец і кіроўца аўто, які яго вез, а таксама журналістка Радыё Свабода Галіна Абакунчык, фатограф БелаПАН Андрэй Шаўлюга і блогерка Анастасія Пілюгіна, журналісты Белсату Аляксандр Баразенка і Кацярына Андрэева.

9c921851_0798_4778_8aaa_195332399579_cx0_cy18_cw0_w1023_r1_s.jpg


Усе затрыманыя журналісты знаходзяцца ў аршанскім РУУС. Сувязь з імі адсутнічае, паведамляе svaboda.org.
Уласна акцыя прайшла без затрыманняў і сутычак. Каля 700 чалавек сабраліся на цэнтральнай плошчы, вырашылі скласці рэзалюцыю і занесці яе ў райвыканкам. Да ўдзельнікаў акцыі выйшаў прадстаўнік гарадской адміністрацыі, заявіў, што акцыя незаконная.
Севярынец заклікаў аршанцаў далучацца да акцыяў 15 і 25 сакавіка ў Мінску: «Вырашацца ўсё будзе ў сталіцы. 15 і 25 сакавіка мы павінны праявіць салідарнасць».
Па апошняй інфармацыі, яго машыну спынілі на вуліцы Першамайскай каля школы № 3, каб праверыць дакументы, паведамляе bchd.info.
Па інфармацыі Белсату, прадстаўнікі здымачнай групы якога знаходзіліся ў машыне разам з палітыкам, АМАП затрымаў Паўла Севярынца. Пры гэтым у машыне АМАПу знаходзіліся расейскія сцяжкі.
Белсат паведамляе, што аператара Аляксандра Баразенку затрымалі, з Кацярынай Андрэевай «размаўляюць» у Аршанскім РАУС. Праваахоўнікі вырашылі затрымаць Баразенку пасля таго, як ён паказаў расейскі сцяг, які вісеў за шыбай машыны АМАПу.
Яго даставілі ў Аршанскі РАУС, журналістка Кацярына Андрэева суправаджала яго ў машыне ДАІ.
Інфармацыю пра затрыманне пацвердзіў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. “Хваля рэпрэсій працягваецца супраць БХД і іншых дэмакратычных арганізацый, якія ўдзельнічаюць у пратэстах. Але відавочна, што зараз гэта не пратэст апазіцыі, але пратэст беларускага народу. І калі сапраўды некалькі чалавек можна затрымаць, то супраць беларускага народу зрабіць нічога не атрымаецца. Акцыі пратэсту працягваюцца. І наступныя акцыі пройдуць у Менску і рэгіёнах 15 сакавіка. І мы павінны паказаць, што нас не запужаць. І мы прымусім сябе паважаць”, - адзначыў ён.
Між тым Павел Севярынец датэлефанаваўся да сваёй маці Таццяны Яўгенаўны і паведаміў, што ўжо знаходзіцца у аршанскім РАУСе. Паводле яго, разам з ім знаходзяцца журналісты, а таксама адзін мясцовы жыхар, які сам ускочыў у міліцэйскую машыну, “каб быць з Паўлам” – агулам 5 чалавек.
БелаПАН паведамляе, што журналісты, затрыманыя ў Оршы раней, адпушчаныя.
Карэспандэнт БелаПАН Адар'я Гуштын і фотакарэспандэнт "Нашай нівы" Сяргей Гудзілін былі затрыманыя на аршанскім чыгуначным вакзале каля 11.00 для праверкі асобы і дастаўленыя ў мясцовы апорны пункт міліцыі. Крыху пазней там жа былі затрыманы карэспандэнт tut.by Таццяна Мацвеева і фотакарэспандэнт сайта "Народныя навіны Віцебска" Сяргей Серабро — іх даставілі ў залу павышанай камфортнасці аршанскага вакзала.
Як паведаміла БелаПАН Мацвеева, яе і Серабро пратрымалі каля паўтары гадзіны і адпусцілі за 10 хвілін да пачатку акцыі супраць дэкрэта № 3, абвешчанай на 13.00. Яны паспелі патрапіць на мітынг.
Гуштын і Гудзіліна адпусцілі каля 14.00 — да таго часу акцыя ўжо завяршылася. Карэспандэнт БелаПАН напісала скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія перашкодзілі ёй выканаць свае прафесійныя абавязкі.
Варта адзначыць, што ва ўсіх затрыманых журналістаў былі рэдакцыйныя пасведчанні.