У Мінску прайшоў устаноўчы з'езд мінскай гарадской арганізацыі БХД

У Мінску 31 студзеня прайшоў устаноўчы з'езд грамадска-асветнага аб'яднання «Рух Беларускія хрысціянскія дэмакраты».



bhd1.jpg

«Дзейнасць арганізацыі будзе распаўсюджвацца на тэрыторыю Мінска. Праз афіцыйную рэгістрацыю мы хочам легалізаваць дзейнасць мінскай гарадской арганізацыі аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», — паведаміў БелаПАН адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

Паводле яго слоў, ход устаноўчага сходу здымаўся на відэакамеру, каб пры неабходнасці пацвердзіць Мінюсту факт таго, што мерапрыемства праходзіла ў рэальнасці. «Прычыны, па якіх можна адмовіць у рэгістрацыі арганізацыі, мне ўявіць вельмі цяжка», — сказаў Садоўскі.

Старшынёй аб'яднання абрана Галіна Каржанеўская.

У 2009 годзе аргкамітэт БХД праводзіў два ўстаночыя з'езды партыі, аднак у абодвух выпадках Міністэрства юстыцыі адмаўляла ў рэгістрацыі арганізацыі. У сувязі з пагрозай прымянення да актывістаў БХД артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, а таксама немагчымасцю ў сучасных умовах зарэгістраваць палітычную партыю аргкамітэт прыняў рашэнне рэгістраваць свае рэгіянальныя структуры як грамадскія арганізацыі. Адпаведныя спробы ўжо рабіліся ў Віцебскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцях, аднак былі беспаспяховымі.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН