Украінскі дэпутат, якога разам з кумам Пуціна абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе, знаходзіцца ў Беларусі

Народны дэпутат Украіны Тарас Козак, супраць якога праваахоўныя органы Украіны завялі крымінальную справу паводле абвінавачання ў дзяржаўнай здрадзе, знаходзіцца на лекаванні ў Беларусі.

4410b718_d4a2_4823_b872_f8ca41a319f8_w1023_r1_s.webp

«Я ведаю, дзе знаходзіцца народны дэпутат Тарас Козак. Ён знаходзіцца на лекаванні ў Беларусі», — паведаміў ягоны аднапартыец Віктар Медвядчук, якога сёння кіеўскі суд адправіў пад хатні арышт з нашэннем электроннага бранзалета.

11 траўня, нагадвае «Свабода», генеральная пракурорка Украіны Ірына Венядзіктава і старшыня Службы бяспекі Украіны Іван Баканаў паведамілі аб крымінальных справах, заведзеных у дачыненні да Віктара Медвядчука і Тараса Козака.

Тады ж Іван Баканаў паведаміў, што Тарас Козак «праз Расію адправіўся ў адпачынак і не плануе вяртацца».

Згодна з дэкларацыяй аб даходах у 2020 годзе, Тарас Козак трымае свае актывы ў двух беларускіх банках — у «Абсалютбанку» Мікалая Вараб’я 8 211 225 долараў і 8 796 786 еўра, а ў «МТБ-банку» Аляксея Алексіна — 1 024 712 долараў.

Адметна, што Тарас Казак у 2020 годзе патраціў у Беларусі амаль 300 мільёнаў грыўняў на аплату паслуг (абмен валюты, арэнда маёмасці, авіяпаслугі і інш.), у тым ліку 806 641 грыўню за навучанне (імаверна, ягоная дачка Марыя вучыцца ў Беларусі) і 422 082 грыўні за адпачынак у лютым. У лістападзе 2020-га ён заплаціў 349 412 грыўняў за «рухомую маёмасць», набытую для перадачы ў выглядзе дабрачыннай дапамогі. Але каму і чым дапамагаў Тарас Казак, невядома.

Тарас Козак — адзін з найбліжэйшых бізнес-партнёраў Віктара Медведчука.