Ваенны аглядальнік Газеты.Ru: Лукашэнка сабатуе вайсковыя планы Масквы
У Беларусі і Расіі стартавалі маштабныя вайсковыя вучэнні «Захад-2021». Ваенны аглядальнік Газеты.Ru Міхаіл Хадаронак звярнуў увагу на характэрны момант.

«Пры правядзенні любога буйнога вучэння прызначаецца кіраўнік вучэння. Хто гэта? Адказ на гэтае пытанне прагучаў з беларускага боку. Агульнае кіраўніцтва вучэннем будзе ажыццяўляцца начальнікамі Генеральных штабоў Расіі і Беларусі — Валерыем Герасімавым і Віктарам Гулевічам», — цытуе словы расійскага эксперта «Салідарнасць».
Эксперт падкрэслівае, што «карэнным пытаннем у справе ваеннага будаўніцтва і стварэння любых ваенных саюзаў і блокаў з’яўляецца пытанне аб адзінстве ўлады — хто, каму і па якіх пытаннях падпарадкоўваецца».
«Пытанне аб падпарадкаванасці пры стварэнні кааліцыйных груповак войскаў, у якіх бяруць удзел узброеныя сілы розных дзяржаў, мае вельмі балючы характар», — піша аглядальнік выдання.
Што тычыцца ваеннага саюза Расіі і Беларусі, то за многія гады бясконцых перамоваў і кансультацый дамовіцца аб аператыўным падпарадкаванні якіх-небудзь сіл і сродкаў так і не ўдалося, лічыць эксперт. На яго думку, Мінск тарпедаваў усе магчымыя расійскія намаганні ў гэтым кірунку.
«Можна нават сказаць: Лукашэнка па факце сабатуе планы Масквы па стварэнні адзінага ваеннага цэнтра прыняцця рашэнняў. Нават у рамках Аб’яднанай сістэмы СПА прыйсці да якога-небудзь разумнага кампрамісу так і не ўдалося, акрамя ўзаемнага абмену інфармацыяй аб паветранай абстаноўцы. Больш за тое, Лукашэнка спрабаваў перападпарадкаваць сабе расійскія знішчальнікі, якія нясуць баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне на тэрыторыі Рэспублікі», — піша адмыслоўца.
Старт вучэнняў «Захад-2021» толькі пацвердзіў, што пакуль кампраміс не дасягнуты, рэзюмуе палкоўнік у адстаўцы Міхаіл Хадаронак.